BE RU EN

У Беларусі заўважылі рэдкага дуплавага камара

  • 11.08.2026, 12:37

Гэты від здольны пераносіць небяспечныя інфекцыі.

Расійскія вучоныя зафіксавалі распаўсюджанне ў Беларусі і Расіі дуплавага камара — Anopheles plumbeus. У Еўропе гэты від лічыцца адным з асноўных пераносчыкаў трапічнай малярыі, перадае прапагандысцкае выданне БЕЛТА.

Як патлумачылі вучоныя цэнтра па біярэсурсах НАН Беларусі, у нашай краіне ўпершыню выяўлілі насякомае яшчэ ў 1970-я гады. Аднак камар тут сустракаецца рэдка: за апошнія сто гадоў яго знаходзілі толькі некалькі разоў у Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Нядаўна спецыялісты выявілі яго і ў Магілёве.

Сваю назву камар атрымаў з-за таго, што звычайна адкладае яйкі ў запоўненыя дажджавой вадой дуплы дрэў. Але спецыялісты заўважылі, што цяпер ён асвойвае і штучныя месцы: лічынак выявілі нават у старой аўтамабільнай пакрышцы з вадой у гарадскім парку Магілёва.

Асаблівасць Anopheles plumbeus у тым, што ён аддае перавагу харчавацца крывёю чалавека. Пры гэтым від здольны пераносіць не толькі трапічную малярыю.

— На тэрыторыі Беларусі штогод рэгіструецца каля 10 выпадкаў завознай малярыі. Акрамя гемапаразітаў, Anopheles plumbeus з'яўляецца пераносчыкам арбавірусаў, у прыватнасці віруса ліхаманкі Заходняга Ніла. Таксама ва Усходняй Аўстрыі зарэгістраваныя выпадкі трансмісіі гэтым відам узбуджальнікаў дырафілярыёзу. У Бельгіі Anopheles plumbeus з'яўляецца эксперыментальным пераносчыкам віруса японскага энцэфаліту, — адзначылі ў цэнтры па біярэсурсах.

Вучоныя адзначаюць, што пакуль дуплавы камар застаецца рэдкім для Беларусі. Аднак яго здольнасць прыстасоўвацца да гарадскога асяроддзя і харчавацца крывёю чалавека робіць від патэнцыйна значным з эпідэміялагічнага пункта гледжання.

Апошнія навіны