Што будзе, калі ёсць бананы штодня
- 11.08.2026, 14:50
Дыетолагі назвалі шэсць карысных эфектаў.
Садавіна — адзін з найбольш карысных харчовых прадуктаў, і бананы не з’яўляюцца выключэннем. Аднак часам іх несправядліва крытыкуюць за высокае ўтрыманне вугляводаў, піша Prevention.
Выданне паведаміла, што дыетолагі распавялі пра карысць для здароўя, якую можна атрымаць ад штодзённага ўжывання бананаў, а таксама пра некаторыя магчымыя негатыўныя наступствы, пра якія варта памятаць, калі з імі перабраць.
«Бананы можна ёсць штодня», — запэўніла дыетолаг С’ю-Элен Андерсан-Гэйнс.
Адзначаецца, што гэта выдатны спосаб павялічыць штодзённае спажыванне садавіны і гародніны.
«Штодзённае ўжыванне банана можа стаць выдатным спосабам уключыць у рацыён неабходныя пажыўныя рэчывы, што змяшчаюцца ў садавіне», — распавяла дыетолаг Ніколь Дандрэа-Рассерт.
Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША (USDA) рэкамендуе дарослым ужываць прыблізна дзве чашкі садавіны на дзень. Пры гэтым адзін вялікі банан лічыцца адной чашкай садавіны. Два бананы задаволяць вашу рэкамендаваную суткавую норму, хоць разнастайнасць садавіны можа прынесці яшчэ больш карысці.
«Ужыванне аднаго-двух бананаў у дзень можа быць цалкам прымальным, але ўжыванне банана і яшчэ аднаго плоду, а таксама шырокага асартыменту раслінных прадуктаў дапаможа забяспечыць арганізм рознымі відамі клятчаткі, а таксама неабходнымі вітамінамі і мінераламі», — патлумачыла Дандрэа-Рассерт.
Яна дадала, што дзякуючы штодзённаму ўжыванню банана вы атрымаеце шмат неабходных пажыўных рэчываў:
1. Паляпшэнне здароўя стрававальнай сістэмы
Бананы, якія лічацца прэбіятычным прадуктам, утрымліваюць каля трох грамаў клятчаткі і могуць стымуляваць рост карысных бактэрый у кішэчніку.
У артыкуле адзначаецца, што няспелыя бананы яшчэ больш карысныя для кішэчніка; яны ўтрымліваюць рэзістэнтны крухмал — разнавіднасць прэбіятычнай клятчаткі, якая служыць палівам для мікрабіёму.
Аднак, як і любыя іншыя прадукты з высокім утрыманнем клятчаткі, празмернае ўжыванне бананаў можа прывесці да дыскамфорту ў страўнікава-кішачным тракце.
2. Больш энергіі
«Прыродныя цукры, што змяшчаюцца ў бананах, адыгрываюць важную ролю ў забеспячэнні энергіяй нашага мозгу і арганізма», — адзначыла Дандрэа-Рассерт.
Выданне лічыць, што гэта, а таксама тое, што іх лёгка пакласці ў спартыўную сумку, робіць банан выдатным перакусам перад трэніроўкай.
3. Павышанае спажыванне клятчаткі
Выданне адзначыла, што бананы ўтрымліваюць як растваральную, так і нерастваральную клятчатку. Клятчатка запавольвае страваванне, што ўзмацняе пачуццё сытасці і можа дапамагчы прадухіліць скачкі ўзроўню цукру ў крыві пасля ежы.
4. Лепшая рэгуляцыя вагі
Бананы — нізкакаларыйны прадукт з высокім утрыманнем клятчаткі, які можна ўключыць у здаровы рацыён для пахудання.
Каб адчуваць працяглае насычэнне пасля ўжывання банана, варта спалучаць яго з іншымі прадуктамі, багатымі на клятчатку, крыніцамі бялку і карыснымі тлушчамі.
Дандрэа-Рассерт падзялілася, што цэльназернавыя прадукты, арэхі або семечкі — выдатныя варыянты.
5. Больш здаровае сэрца
«Калій і магній, што змяшчаюцца ў бананах, могуць спрыяць падтрымліванню нармальнага артэрыяльнага ціску і здароўя сардэчна-сасудзістай сістэмы», — адзначыла дыетолаг.
Адна з нядаўніх аглядных прац, што ахапіла 24 навуковыя даследаванні, паказала, што прыём дабавак магнію можа знізіць высокі артэрыяльны ціск і ўзровень халестэрыну, якія з’яўляюцца асноўнымі фактарамі рызыкі сардэчных захворванняў.
Паводле дадзеных Нацыянальных інстытутаў здароўя (NIH), калій таксама спрыяе зніжэнню высокага артэрыяльнага ціску — абодва гэтыя элементы ўтрымліваюцца ў бананах.
6. Лепшы настрой
Дандрэа-Рассерт спасылаецца на даследаванне, у якім было ўстаноўлена, што ўжыванне некалькіх відаў садавіны, у прыватнасці бананаў, на працягу 20 гадоў звязана са зніжэннем рызыкі развіцця дэпрэсіі.
«Магчыма, пэўную ролю адыгрываюць прыродныя вітаміны групы В, фалаты, антыаксіданты або клятчатка, а можа, і спалучэнне ўсіх гэтых рэчываў», — адзначыла яна.
У прыватнасці, вітамін B6, што змяшчаецца ў бананах, дапамагае арганізму выпрацоўваць сератанін — хімічнае рэчыва, якое ўплывае на настрой.
Магчымыя недахопы ўжывання бананаў
Хоць штодзённае ўжыванне бананаў даволі карыснае для здароўя, у некаторых людзей рэгулярнае іх спажыванне можа выклікаць пэўныя пабочныя эфекты:
Скачкі ўзроўню цукру ў крыві;
Галаўны боль;
Млоснасць;
Стомленасць;
Можа не падыходзіць людзям з захворваннямі нырак.