Адну з вежаў Пішчалаўскага замка поўнасцю знеслі
- 11.08.2026, 16:38
«Рэканструкцыя» па-лукашэнкаўску.
Мінчанін fokuspavel_content апублікаваў новыя фота мінскага Пішчалаўскага замка — знакамітай «Валадаркі», праз якую прайшлі тысячы палітзняволеных. На іх бачна, што падчас «рэканструкцыі» адну з вежаў помніка архітэктуры поўнасцю знеслі. Аўтар паста лічыць, што замест яе, магчыма, з’явіцца «новадзел».
«Навіны з Пішчалаўскага замка, — піша ён. — Адну з вежаў амаль цалкам знеслі. Найхутчэй тую, якая была ў аварыйным стане. Яе, напэўна, вернуць, але цалкам адбудуюць нанова.
Суседнія будынкі таксама часткова знеслі: дзесьці цэлае крыло, дзесьці пакуль кавалкамі. Таксама думаю, што самыя абветшалыя часткі, якія нельга было аднавіць».
Пішчалаўскі замак — гістарычны будынак у цэнтры Мінска, збудаваны ў 1825 годзе. Размешчаны на вуліцы Валадарскага, 2, на вяршыні Раманаўскага ўзгорка.
]
Архітэктура замка спалучае элементы неаготыкі і класіцызму. Заказчыкам будаўніцтва выступіў памешчык Рудольф Пішчала, у гонар якога замак атрымаў сваю назву. Аўтар праекта — архітэктар Казімір Хршчановіч.
З 1940-х гадоў у будынку знаходзіўся следчы ізалятар № 1 горада Мінска. Таксама вядомы пад народнай назвай «Валадарка» — паводле назвы вуліцы, на якой ён размешчаны. У 2024 годзе следчы ізалятар пераехаў у іншы будынак. На пачатку 2025 года пачалася рэканструкцыя комплексу.
Пішчалаўскі замак з’яўляецца адзіным замкам у Мінску і аб’ектам дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.