Дыетолаг назвала два найбольш карысныя віды рыбы
- 11.08.2026, 21:29
Яны найбольш багатыя на тлустыя кіслоты амега-3.
Селядзец і ласось аказаліся найбольш багатымі на амега-3. Пра гэта выданню Tasting Table распавяла канадскі дыетолаг і спартыўны нутрыцыёлаг Энджэл Люк, спецыялістка Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) па спартыўным харчаванні. Паводле яе слоў, рэгулярнае ўжыванне прадуктаў з амега-3 можа спрыяць прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў.
«У 100 г прыгатаваных селядца і ласося ўтрымліваецца каля 2150 мг амега-3. У іх складзе ёсць эйказапентаэнавая (EPA) і дакозагексаэнавая (DHA) кіслоты. Гэтыя рэчывы звязаныя са зніжэннем рызыкі захворванняў перыферычных артэрый і некаторых сардэчна-сасудзістых ускладненняў», – патлумачыла экспертка.
Даследаванні даказалі, што EPA і DHA могуць зніжаць узровень трыгліцерыдаў у крыві, прыгнятаючы запаленчыя працэсы. Гэтыя кіслоты таксама стабілізуюць артэрыяльны ціск, прадухіляючы ўтварэнне тромбаў і падтрымліваючы эластычнасць крывяносных сасудаў.
«Акрамя таго, амега-3 валодаюць супрацьзапаленчымі ўласцівасцямі і важныя для развіцця мозгу і зроку ў дзіцяці падчас цяжарнасці», – дадала дыетолаг.
Лекарка таксама параіла звярнуць увагу на сардзіны і скумбрыю. Яны ўтрымліваюць менш амега-3, чым ласось і селядзец, але таксама з’яўляюцца добрымі крыніцамі гэтых тлустых кіслот.