На праспект Незалежнасці ў Мінску праз 20 гадоў вернуцца тралейбусы
- 12.08.2026, 18:18
Адразу мяняюць некалькі маршрутаў.
У Мінску мяняюцца маршруты тралейбусаў, паведамляе установа «Сталічны транспарт».
Так, з 17 жніўня скарачаецца траса тралейбуснага маршруту №30 «Серабранка – Вакзал». Цяпер ён ходзіць вось так.
Як адзначаецца, маршрут скарацяць «у сувязі з нязначным узроўнем пасажырапатоку і дубляваннем іншымі маршрутамі пасажырскага транспарту». І цяпер з боку мікрараёна Серабранка тралейбус пойдзе толькі да прыпынку «Фабрыка Камунарка». Маршруту нададуць новую назву №30 «Серабранка – Фабрыка Камунарка».
Таксама з 17 жніўня тралейбусы №№ 61 і 68 «Дыспетчарская станцыя Уручча-2 – Акадэмічная» (яны маюць адну назву на дваіх, але ходзяць рознымі дарогамі) будуць крыху іншым шляхам ісці да канчатковай. Цяпер яны ходзяць вось па такіх маршрутах.
А з 17 жніўня тралейбусы ад вуліцы Кнорына пойдуць па вуліцы Талбухіна, праспекце Незалежнасці, вуліцы Сурганава ў прамым кірунку; а ў зваротным — па вуліцах Сурганава, Кузьмы Чорнага, Талбухіна і далей па маршруце. Адпаведна, абодвум маршрутам надаецца новая назва «Дыспетчарская станцыя Уручча-2 – Станцыя метро «Акадэмія навук»».
Вось па такой схеме цяпер будуць хадзіць тралейбусы.
Такім чынам, тралейбусы вернуцца яшчэ на адзін участак праспекта Незалежнасці. У 2002 годзе тралейбусныя драты знялі на ўчастку ад плошчы Незалежнасці да плошчы Якуба Коласа, а ў 2006-м знялі і на наступным участку — да вуліцы Філімонава. Пры гэтым тралейбусныя маршруты №№ 1, 2, якія ішлі па ўсім праспекце Незалежнасці, накіравалі па іншых вуліцах.
Але праз шмат гадоў тралейбусы пачалі вяртаць на праспект. Так, у маі 2021 года замест часовага аўтобуса №921 стаў хадзіць тралейбус №1 з Зялёнага Лугу: па праспекце Незалежнасці ён едзе ад вуліцы Каліноўскага да станцыі метро «Маскоўская». А з чэрвеня 2022 года працягнулі тралейбус №22 ад вуліцы Веры Харужай аж да Лошыцы, так што цяпер «рогатыя» ідуць па ўчастку ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Незалежнасці.
Пасля змянення маршрутаў №№61 і 68 тралейбусы зноў будуць хадзіць па большай частцы праспекта Незалежнасці, пачынаючы ад плошчы Незалежнасці і да вуліцы Астрашыцкай ва Уруччы. Без тралейбуснага руху застануцца толькі два ўчасткі:
ад плошчы Якуба Коласа да станцыі метро «Акадэмія навук» (вуліца Сурганава);
ад вуліцы Талбухіна (станцыя метро «Парк Чалюскінцаў») да вуліцы Валгаградскай (станцыя метро «Маскоўская»).
Праўда, трэба адзначыць, што знятыя тралейбусныя драты на праспект не вярнулі і не збіраюцца. Па маршрутах №№ 1, 22, 61 і 68 ходзяць і будуць хадзіць тралейбусы з павялічаным аўтаномным ходам, якія могуць праехаць некалькі кіламетраў без «рогаў», толькі на акумулятарах. А вось ад вуліцы Філімонава і да Астрашыцкай над праспектам нацягнутыя тралейбусныя драты.
Мы адзначылі на карце тралейбусныя ўчасткі праспекта Незалежнасці з улікам абнаўлення маршрутаў 17 жніўня:
сіні — правадоў няма, тралейбусы едуць на акумулятарах
зялёны — тралейбусы едуць пад правадамі
чырвоны — тралейбуснага руху няма.