BE RU EN

«Была ў шоку»: фермеры пра ажыятаж вакол «беларускай Швейцарыі»

  • 13.08.2026, 11:51

Найбольш інстаграмная лакацыя жніўня знаходзіцца ў вёсцы Півашы.

Ферма ў вёсцы пад Салігорскам узарвала Threads мінулага тыдня. Зрабіць кадры на фоне «беларускай Швейцарыі» карыстальнікі гатовыя прыязджаць з любой кропкі. І нават болей: з’явіліся пасты з прапановай выязной здымкі. Але некаторыя задаюцца пытаннем: а як ставяцца да раптоўнага ажыятажу ўладальнікі?

Найбольш інстаграмная лакацыя жніўня знаходзіцца ў вёсцы Півашы. Менавіта тут размяшчаецца фермерская гаспадарка «КайЯн». Яе ўладальнікі займаюцца толькі развядзеннем авечак, піша салігорская газета «Шахцёр». І за ўсе пяць гадоў існавання пра прыватную ферму большасць беларусаў не ведала, пакуль не з’явіўся пост у Threads, піша «Онлайнер».

— На маёй ферме ўсталяваныя камеры відэаназірання, я магу з дому паглядзець усё, што мне трэба. Аднойчы ўвечары ў нядзелю адкрыла адну з камер — і была ў шоку, — расказала журналістам загадчыца фермы Наталля.

Толькі за вечар мінулай нядзелі, узгадваюць работнікі, на ферму прыехалі сем машын — некаторыя з Мінска і Гродна. Нагодай стала жаданне зрабіць фота на фоне «Альпаў» і пухнатых авечак.

Як паставіліся да наплыву незнаёмцаў на ферме? Пішуць, што ажыятаж здзівіў, але абышлося без канфліктаў.

— Людзі ўсе лаяльныя, нармальныя: зрабілі некалькі фотаздымкаў і з’ехалі. Каб дайшло да скандалу — такога не было ні разу, — расказала Наталля.

І тым не менш тэрыторыю давялося закрыць. Замок на варотах і папераджальныя таблічкі з’явіліся дзеля бяспекі жывёл.

— У нас авечкі дзікія і вельмі баязлівыя, пры выглядзе людзей або машын яны адразу зрываюцца з месца. Гэта не кантактны заапарк: да жывёл тут не падыдзеш і не пакорміш. Прыезджых у першыя дні мы толькі папярэджвалі, бо, калі чалавек ехаў здалёк, напрыклад з Гродна, неяк нязручна адразу ж выправаджаць іх з тэрыторыі. Таму спачатку прасіла толькі аб адным: хай пад сваімі пастамі пішуць, што на тэрыторыю не пускаюць, каб наступныя ўжо ведалі. А здымаць каля фермы — калі ласка, адтуль таксама добрыя фатаграфіі.

Дарэчы, манетызаваць раптоўны ажыятаж і прадастаўляць ферму для здымак уладальнікі не плануюць.

— Гэта нам проста нявыгадна і без патрэбы. У нас свой бізнес, свой працэс, і сядзець тут, сустракаць людзей і вадзіць іх па тэрыторыі мы не хочам. Гасцей трэба кімсьці суправаджаць, а значыць, браць у штат яшчэ аднаго чалавека. Мала што, куды хто залезе — адказваць урэшце нам. І потым, у нас не заапарк, авечкі не ручныя. Людзі ж усе захочуць іх пакарміць, а яны да рук не ідуць. Нават калі пара авечак падыдзе, атрымаецца, што адзін пакарміў, а другі адразу ж спытае: чаму я не магу, я ж заплаціў.

Паводле слоў фермероў, з надыходам халадоў наплыў ахвотных спыніцца сам сабой. І тады яны вернуцца да звыклага жыцця.

Апошнія навіны