BE RU EN

Экс-лідар «Сярэбранага вяселля» Света Бень і музыкант .К выпусцілі сумесны альбом

  • 15.08.2026, 11:40

Яго запісалі на мяжы з Беларуссю.

14 жніўня выйшаў новы альбом «Карова белая» — сумесная праца спявачкі Светы Бень, экс-лідара фрык-кабарэ-бэнда «Сярэбранае вяселле», і музыканта Яўгена Кучмейны (.К), пераможцы фестывалю «Басовішча-2016».

Як паведамляецца ў прэс-рэлізе, «Карова белая» — гэта паўнавартасная супраца двух артыстаў. Ідэя пласцінкі ўзнікла пасля сумеснага еўрапейскага тура вясной 2025 года. Музыканты вырашылі, што песні з канцэртнай праграмы трэба абавязкова запісаць, і паступова гэтая думка вырасла ў стварэнне цэлага альбома.

У яго ўвайшлі кампазіцыі розных гадоў: некаторыя былі напісаныя нядаўна, іншыя ўжо даўно выконваліся на канцэртах, але не выдаваліся, а частка з’явілася непасрэдна падчас працы над запісам.

Усе трэкі атрымалі новае музычнае прачытанне. Аранжыроўкай, прадзюсаваннем, запісам і звядзеннем усяго матэрыялу займаўся Яўген Кучмейна.

Запіс адбываўся ў перасоўнай студыі «Нёман-9», якая апошні год знаходзілася ў вёсцы Малыя Азераны ў Польшчы, у 500 метрах ад мяжы з Беларуссю. Музыкант Яўген Кучмейна пераехаў туды ў верасні 2025 года па запрашэнні мясцовага старасты і абсталяваў студыю ў гаспадарчай пабудове.

Света Бень — беларуская спявачка і тэатральная рэжысёрка. З 2005 года была лідарам папулярнага калектыву «Сярэбранае вяселле». Пасля пратэстаў 2020 года жыве ў Берліне.

Яўген Кучмейна — музыка з Гродна, аўтар праекта tochka K (.К). У 2016 годзе стаў пераможцам фестывалю беларускай альтэрнатыўнай музыкі «Басовішча».

Паслухаць альбом «Карова белая» можна на ўсіх стрымінгавых платформах.

Апошнія навіны