BE RU EN

Apple заклікала тэрмінова абнавіць IPhone

  • 15.08.2026, 14:56

Інфармацыя датычыцца карыстальнікаў са 110 краін.

Уладальнікі iPhone у 110 краінах могуць стаць ахвярамі шпіёнскай атакі. Адпаведнае апавяшчэнне пачалі атрымліваць карыстальнікі Apple. У ім гаворыцца, што шпіёны-найміты нацэліліся на ўладальнікаў «яблычнай» тэхнікі.

Як піша TechCrunch, гэта ўжо не першае падобнае апавяшчэнне, якое атрымліваюць уладальнікі iPhone. Раней падобныя лісты кампанія разаслала ў маі 2025 года. Тады пад пагрозай апынуліся карыстальнікі са 100 краін па ўсім свеце.

«Apple выявіла атаку з выкарыстаннем найманага шпіёнскага ПЗ, накіраваную на ваш iPhone. Вы можаце зрабіць некалькі крокаў ужо цяпер, каб абараніць свае даныя і прыладу», — гаворыцца ў лісце.

Атрыманне такога трывожнага апавяшчэння не азначае, што iPhone абавязкова ўзламалі. Аднак Apple рэкамендуе неадкладна перавесці прыладу ў рэжым Lockdown Mode, які ўскладніць атакі з выкарыстаннем шпіёнскага ПЗ. Кампаніі пакуль невядомы ніводны выпадак паспяховага ўзлому iPhone у гэтым рэжыме.

Іншым карыстальнікам кампанія таксама раіць паклапаціцца пра абарону: абнавіць iPhone да апошняй версіі iOS, абараніць прыладу кодам-паролем, Touch ID або Face ID, а таксама ўключыць двухфактарную аўтэнтыфікацыю.

Падобныя апавяшчэнні Apple перыядычна дасылае карыстальнікам, якія могуць падвяргацца мэтаваму сачэнню. Ідзе гаворка пра складаныя інструменты кшталту Pegasus, якія звычайна прадаюць дзяржаўным структурам і выкарыстоўваюць для назірання за канкрэтнымі людзьмі — у прыватнасці, журналістамі, актывістамі, палітыкамі і дыпламатамі.

Апошнія навіны