Адразу дзве беларускі заваявалі медалі на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы
- 16.08.2026, 9:11
Сярод іх — Крысціна Ціманоўская.
Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская, якая выступае за зборную Польшчы, у яе складзе заваявала бронзавы медаль на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы, паведамляе «Зеркало».
Турнір праходзіў у брытанскім Бірмінгеме. Першае месца ў зборнай Вялікабрытаніі з новым еўрапейскім рэкордам — 42,05 секунды. На другім месцы Швейцарыя з вынікам 43,12 секунды, на трэцім — Польшча — 43,15 секунды, у складзе якой была і Ціманоўская.
Яна завяршыла свой этап эстафеты за 42,63 секунды. Гэта яе асабісты рэкорд і найважнейшае дасягненне з таго часу, як яна пачала выступаць за зборную Польшчы пасля скандалу на Алімпіядзе-2021 (пасля крытыкі кіраўніцтва яе адхілілі ад спаборніцтваў).
Чэмпіянат Еўропы апынуўся паспяховым і для беларускі Марыі Жодзік, якая таксама прадстаўляе зборную Польшчы. У спаборніцтвах па скачках у вышыню яна ўзяла з першай спробы 1,95 метра і заняла другое месца. На першым — украінка Яраслава Магучых з вынікам 1,97 метра.
Марыя Жодзік жыве ў Польшчы з 2022 года. Улетку 2024-га Міжнародная асацыяцыя федэрацый лёгкай атлетыкі дазволіла беларускай лёгкаатлетцы афіцыйна прадстаўляць гэтую краіну на міжнароднай арэне. У верасні 2025-га Жодзік заваявала срэбраную медаль у скачках у вышыню на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Токіа.
У Беларусі на чэмпіянаце па лёгкай атлетыцы ў 2021-м Жодзік устанавіла асабісты рэкорд, узяўшы планку на вышыні 196 см. Гэта дало ёй права выступаць на Алімпіядзе ад Беларусі ў Токіа, аднак, як паведамляў Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці, функцыянеры Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі не забяспечылі працэдуру праходжання допінг-тэстаў у тэрміны, устаноўленыя Міжнароднай федэрацыяй лёгкай атлетыкі. Жодзік падпісвала адкрыты ліст беларускіх спартсменаў супраць гвалту, а таксама асудзіла вайну Расіі супраць Украіны.