У Мінску з'явіцца новая лядовая арэна
- 16.08.2026, 12:33
У парку імя Уга Чавеса.
У парку імя Уга Чавеса, які размешчаны на захадзе сталіцы ў раёне метро «Каменная Горка», з'явіцца лядовая арэна пад адкрытым небам. Пра гэта дзяржагенцтву «Мінск-Навіны» распавёў генеральны дырэктар «Мінскзелянбуду» Аляксандр Ярмаловіч.
«Разынкай стане лядовая арэна пад адкрытым небам, якую мы плануем перадаць на абслугоўванне спецыялізаванай арганізацыі. Яе можна будзе эксплуатаваць пры тэмпературы да +7…+8 °С прыблізна з лістапада па сакавік», — заявіў Ярмаловіч.
Парк Уга Чавеса адкрылі ў 2014-м. У 2024-м там з'явіліся атракцыёны, зоны для спакойнага адпачынку і заняткаў экстрэмальнымі відамі спорту. У 2025 годзе будаўнікі прыступілі да добраўпарадкавання другой паловы парка, размешчанай паміж вуліцамі Нёманскай і Каменнагорскай.
Цяпер у парку з'явіліся пляцоўкі з пакрыццём для заняткаў валейболам, футболам, стрытболам, трэнажоры. Ёсць нават пляцоўкі для пляжнага валейбола і футбола, лыжаролерная траса і веладром.