Пуцін хаваецца за Уралам ад адплаты Украіны, «эліты» збеглі разам з ім
- 16.08.2026, 12:47
Кіраўнік Крамля амаль не з’яўляецца ў Маскве і Сочы, баючыся дронаў і «Фламінга».
Мінулым тыднем расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін публічна заявіў, што «ніколі нічога не баяўся».
Паказальна, што сказаў ён гэта ў Навасібірску — за 3 тыс. км ад украінскіх межаў. Больш за тое, апошнім часам кіраўнік Крамля перанёс усю сваю актыўнасць за Урал, куды не дасягаюць украінскія БПЛА і ракеты.
Звярнула на гэта ўвагу расійскае незалежнае выданне «Можем объяснить».
У папярэднія гады Пуцін традыцыйна праводзіў большую частку жніўня ў Сочы. Аднак сёлета ён гэтай традыцыі здрадзіў. У сваёй рэзідэнцыі дыктатар РФ перастаў з’яўляцца, як і ў Маскве. Крамль спрабуе схаваць гэтую інфармацыю.
«Пасля ўзмацнення ўкраінскіх атак ягоны публічны маршрут усё выразней зрушваецца ў Сібір і на Далёкі Усход, хоць Крамль працягвае паказваць закрытыя сустрэчы з паметкай «Масква»… Крамлёўская «эліта» ўслед за правадыром збегла за Урал і абсталявала сабе элітныя рэзідэнцыі там, куды не далятаюць украінскія дроны», — адзначыла выданне.
Перабраліся ў Алтайскія горы прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў, прэм’ер Міхаіл Мішусцін, кіраўнік Сбербанка Герман Грэф, кіраўнік «Газпрама» Аляксей Мілер і іншыя. Таксама, паводле даных выдання, Пуцін яшчэ ўзмацніў і так беспрэцэдэнтныя захады бяспекі. Ён, у прыватнасці, пачаў мацней маскіраваць свае перамяшчэнні.