У Лідзе вадаправодную ваду шмат гадоў «зараджаюць» музыкай Моцарта і Бетховена
- 16.08.2026, 14:01
Камунальнікі расказалі, навошта яны гэта робяць.
У большасць дамоў і кватэр жыхароў Ліды вада паступае з вадазабору «Дуброўня». Цікава, што гэтая вада асаблівая. А ўсё таму, што мясцовыя камунальнікі «зараджаюць» яе музыкай Моцарта, Бетховена і Вівальдзі. Навошта яны гэта робяць, распавядае «Лідская газета».
Паводле звестак выдання, такая практыка — не аднаразовы эксперымент. Усё пачалося ў 2009 годзе, калі на вадазаборы «Дуброўня» пабудавалі станцыю абезжалезвання вады. Тады ж было прынята рашэнне ўсталяваць у зале фільтраў калонкі, з якіх будзе гучаць класічная музыка. Сярод аўтараў — Моцарт, Бетховен, Вівальдзі і яшчэ каля дзясятка класікаў. На пытанне, навошта гэта трэба, камунальнікі адказваюць: каб зараджаць ваду пазітыўнай энергіяй.
— Мы вырашылі, што калі на станцыі абезжалезвання будуць гучаць прыгожыя мелодыі, горш не будзе, — кажа інжынер‑тэхнолаг вытворчасці вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Лідскага ЖКГ Алена Ушко. — Спадзяёмся, што такім чынам разам з вадой мы пераносім часцічкі дабра, любові і прыгажосці ў дамы і на рабочыя месцы лідчан.
Паводле звестак выдання, на ўкараненне ноу-хау работнікаў Лідскага вадаканала натхнілі даследаванні японца Эмота Масару. Шмат гадоў ён разам з супрацоўнікамі сваёй лабараторыі замарожваў ваду і разглядаў яе структуру пад мікраскопам. Масару заўважыў, што на будову крышталаў можна ўплываць. Так, дзякуючы добрым словам, добрай музыцы або шчырай малітве яны станавіліся прыгожымі. У адваротным выпадку — дэфармаванымі. Паводле назіранняў работнікаў вадаканала, калі вада зараджалася класічнай музыкай і джазам, у крышталях утваралася правільная геаметрычная форма, а пасля цяжкага року — няправільная. Праўда, навуковая супольнасць лічыць Масару псеўданавукоўцам.