Украіна нанесла ўдар па Расіі брытанскімі беспілотнікамі
- 16.08.2026, 15:36
Ідзе гаворка пра рэактыўныя БПЛА Nyan.
Украінскія вайскоўцы за апошнія шэсць месяцаў пачалі выкарыстоўваць брытанскія беспілотнікі для далёкіх удараў па аб’ектах на тэрыторыі Расіі. Пра гэта The Times паведамілі крыніцы ў ЗСУ. Паводле іх слоў, раней такія дроны для падобных аперацый не выкарыстоўваліся.
Ідзе, у прыватнасці, пра рэактыўныя БПЛА Nyan, распрацаваныя кампаніяй Callen-Lenz — даччынай структурай BAE Systems, а таксама пра больш далёкабійныя беспілотнікі іншага брытанскага вытворцы, назва якога не раскрываецца з меркаванняў бяспекі. Як сцвярджаюць крыніцы выдання, гэтыя апараты выкарыстоўваліся, у тым ліку, падчас атак на нафтаперапрацоўчыя заводы ў Валгаградзе і Яраслаўлі.
Украінскія вайскоўцы лічаць брытанскія дроны больш эфектыўнымі для такіх аперацый, чым перададзеныя раней Кіеву ракеты Storm Shadow. Іх далёкасць складае каля 250 км, тады як некаторыя з пастаўленых беспілотнікаў здольныя пераадольваць да 950–1000 км. Яшчэ адной перавагай называюць магчымасць адносна хутка вырабляць, назапашваць і запускаць БПЛА вялікімі групамі, ствараючы дадатковую нагрузку на расійскую СПА.
Кошт брытанскіх беспілотнікаў ацэньваецца ў 50–100 тыс. фунтаў стэрлінгаў, што істотна танней за многія заходнія ракеты.
Nyan — гэта ўдарны апарат з вугляроднага валакна з размахам крылаў 2,9 метра і далёкасцю больш за 250 км. Іншы брытанскі БПЛА запускаецца з дапамогай катапульты і здольны праляцець больш за 950 км.
Па словах высокапастаўленай украінскай вайсковай крыніцы, асноўную частку дальніх удараў ЗСУ па-ранейшаму забяспечваюць уласныя беспілотнікі з далёкасцю да 1800 км. Пры гэтым брытанскія мадэлі, як адзначаецца, таксама паказалі высокую эфектыўнасць падчас аперацый на вялікіх адлегласцях.
Брытанскія беспілотнікі выкарыстоўваліся і для удараў па аб’ектах на акупаваных тэрыторыях Украіны. У красавіку ЗСУ выкарысталі цяжкі БПЛА T-150 вытворчасці Malloy Aeronautics для атакі на мост праз раку Конка ў кантраляванай Расіяй частцы Херсонскай вобласці. Паводле звестак крыніц, гэта быў першы выпадак знішчэння падобнага аб’екта з дапамогай беспілотніка ў баявых умовах.