Удар па расійскім Starlink
- Віктар Таран
- 16.08.2026, 17:41
ЗСУ згарнулі касмічную праграму РФ?
Давайце разбяромся, што было пашкоджана і чаму гэта можа надоўга прыпыніць касмічную праграму праціўніка.
Апошнія паўтара месяца ўкраінскія эксперты білі трывогу: Расія аператыўна разгортвае «Рассвет» — уласны аналаг Starlink. Пры гэтым робіць гэта хутчэй, чым ад яе чакалі: у ліпені адбыўся запуск другой партыі спадарожнікаў.
Патлумачу, чаму гэта важна, бо не ўсе разумеюць маштаб. Сёння расійскі дрон прывязаны да наземнай сувязі, якую можна заглушыць, перахапіць або вывесці з ладу ўдарам па вышцы.
Уласная нізкаарбітальная групоўка ліквідуе гэтую залежнасць. У выпадку поспеху расіяне маглі б атрымаць стабільны шырокапалосны канал над любой кропкай фронту, што дазволіла б ім кіраваць тэхнікай, атрымліваць відэа з беспілотнікаў у рэальным часе і г. д. Усё гэта, дарэчы, у расіян ужо было, пакуль ім не адключылі Starlink.
Далей пачаліся дыскусіі. Збіваць апараты на арбіце аказалася дрэннай ідэяй з-за абломкаў, якія потым могуць перашкаджаць усім. Санкцыі ўжо ўведзеныя і нікога не спынілі. Тон дыскусіі зводзіўся да формулы: «пагроза рэальная, а інструментаў няма». Таму замест спадарожнікаў наносілі ўдары па заводзе, які гэтыя спадарожнікі запускае.
Афіцыйна паведамляецца, што ў Самары загарэўся галоўны вытворчы корпус ракетна-касмічнага цэнтра «Прагрэс». Гэты завод з’яўляецца адным з ключавых звёнаў расійскай касмічнай праграмы, бо вырабляе ракеты-носьбіты «Саюз-2».
«Саюз-2» — гэта ракета-носьбіт, прызначаная для вываду грузаў на арбіту. Яна аднаразовая: кожны запуск патрабуе новай ракеты, якая пасля выканання задачы згарае ў атмасферы.
Ніякага вяртання ступені, як у Falcon 9. Хочаш вывесці спадарожнік — будуй яшчэ адну ракету. Адсюль і ацэнка ў шэсць-восем запускаў у год, якую называюць мяжой цяперашніх вытворчых магчымасцяў.
На гэтым носьбіце Расія трымае значную частку сваёй арбітальнай гаспадаркі: сістэмы аптычнай і радыётэхнічнай разведкі, вайсковай сувязі і цяпер «Рассвет». Як я пісаў вышэй, яго серыйнай зборкай займаецца адно прадпрыемства.
Да сённяшняй ночы там выпускалі шэсць-восем ракет-носьбітаў у год супраць васямнаццаці, неабходных для поўнага разгортвання «Рассвету».
Ракета не сыходзіць з канвеера, як аўтамабіль. Гэта кіламетровы паслядоўны ланцуг, дзе корпус праходзіць этап за этапам і не можа прапусціць ніводнага. Абсталяванне ўнікальнае, другога камплекта няма.
Паводле папярэдніх звестак, пашкоджаны корпус бартавой электронікі і прыбораў — гэта значыць не той участак, дзе рэжуць метал, а той, дзе ракета ператвараецца ў паўнавартасны лятальны апарат.
Там мантуюць бартавую электроніку, прыборы і друкаваныя платы, сістэму кіравання, кабельную сетку і прыборны адсек. Без гэтага ракету немагчыма сабраць.
Вось чаму такія вытворчыя вузлы маюць асаблівае значэнне. Падчас Другой сусветнай вайны саюзнікі двойчы наносілі ўдары па Швайнфурце, дзе выраблялася значная частка нямецкіх падшыпнікаў. Гэта дало вынік.
Пазней яны перанеслі намаганні на прадпрыемствы па вытворчасці сінтэтычнага паліва, і выпуск авіябензіну рэзка скараціўся. Люфтвафэ мела самалёты да апошніх дзён вайны, але адчувала востры недахоп паліва.
Вытворчасць ракет-носьбітаў знаходзіцца прыкладна на той жа шкале залежнасці ад асобных крытычных кампанентаў. І калі тады Германіі дапамагалі нейтральныя Швецыя і Швейцарыя, то ў цяперашняй сітуацыі такіх магчымасцяў менш. Кітай не прадастаўляў Маскве тэхналогіі сродкаў вываду на арбіту, а Іран і КНДР самі зацікаўленыя ў расійскіх касмічных запусках.
Ацэнка наступстваў пакуль папярэдняя. Чакаем спадарожнікавых здымкаў.
Віктар Таран, «Фэйсбук»