Раскрыта таямніца незвычайнага дрона Узброеных Сіл Украіны, які з'явіўся над Расіяй
- 16.08.2026, 18:51
Па сілуэце ён нагадвае амерыканскі бамбавік.
У інтэрнэце з'явіліся назва і схемы беспілотніка з незвычайным вуглаватым сілуэтам, які раней зафіксавалі на відэа падчас адной з атак на Саратаўскую вобласць. Апарат прыцягнуў увагу характэрнай формай, што нагадвае абрысы амерыканскага малазаметнага бамбавіка Lockheed F-117A, піша «Дыялог».
Паводле наяўных звестак, беспілотнік, заўважаны ў расійскім небе, можа аказацца брытанскім ударным дроном Nyan класа One Way Effector, распрацаваным кампаніяй Callen-Lenz — падраздзяленнем абароннага канцэрна BAE Systems. Пра гэта паведаміла брытанская газета The Sunday Times.
Тэхнічныя характарыстыкі
Згодна з данымі распрацоўшчыка, размах крыла Nyan складае 2,9 метра, максімальная ўзлётная маса перавышае 75 кг, а маса карыснай нагрузкі можа дасягаць каля 20 кг. Апарат абсталяваны газатурбінным рухавіком і здольны пераадольваць больш за 250 км у залежнасці ад запасу паліва і профілю палёту. Круізная хуткасць — каля 120 вузлоў (каля 220 км/гадз). Запускаецца дрон з пнеўматычнай катапульты.
Паводле апублікаваных выяў і схем, Nyan выкананы ў аэрадынамічнай кампаноўцы, блізкай да «лятаючага крыла»: шырокі плоскі корпус плаўна пераходзіць у крыло, традыцыйнае хваставое апярэнне адсутнічае, а абрысы планёра маюць выяўленую вуглаватасць і стрэлавіднасць. Менавіта гэта геаметрыя візуальна збліжае яго з малазаметнымі самалётамі накшталт F-117.
Дадатковую вагу гэтай версіі надае інфармацыя The Sunday Times, апублікаваная 16 жніўня: паводле выдання, Украіна ўжо выкарыстоўвала брытанскія беспілотнікі для удараў па тэрыторыі Расіі, і сярод ужываных апаратаў быў менавіта рэактыўны Nyan вытворчасці Callen-Lenz. Газета адзначае, што дрон выраблены з вугляпластыку і раней ужо прымяняўся, у прыватнасці, пры атацы на Белгародскую вобласць.
BAE Systems пазіцыянуе Nyan як ударны сродак аднаразовага прымянення (One Way Effector), прызначаны для пранікнення ўглыб абароны праціўніка і паражэння мэтаў ва ўмовах актыўнага супрацьдзеяння. У 2026 годзе апарат праходзіў выпрабаванні ў брытанскіх Узброеных Сілах, уключаючы Сухапутныя войскі і Каралеўскі ваенна-марскі флот.