Супрацоўнік банка ў Мінску страціў больш за $80 тысяч з-за аднаго ліста
- 17.08.2026, 12:21
Яго падманулі махляры.
У Мінску супрацоўнік фінансавай установы стаў ахвярай тэлефонных махляроў. За тыдзень махляры пераканалі яго аддаць ім свае зберажэнні і ўзяць тры крэдыты.
Спачатку мужчыне патэлефанавалі нібыта з «Белпошты» і папрасілі назваць код з СМС — пад выглядам дастаўкі заказнога ліста. Пасля гэтага да размовы падключыўся чалавек, які прадставіўся праваахоўнікам. Ён заявіў, што ад імя мінчука нібыта пералічылі грошы за мяжу злачынцу і цяпер на яго завялі крымінальную справу. Каб даказаць сваю невінаватасць, мужчыне прапанавалі прайсці праверку Нацбанка.
У выніку ён перадаў незнаёмцы, якую лічыў пазаштатнай інкасатаркай, каля 35 тысяч долараў сваіх зберажэнняў. Акрамя таго, у розных банках ён аформіў тры крэдыты на агульную суму 140 тысяч рублёў і таксама аддаў гэтыя грошы махлярам.
Калі махляры перасталі выходзіць на сувязь, мужчына звярнуўся ў міліцыю. Дзяўчыну-кур'ера затрымалі, высветлілася, што яна раней сама стала ахвярай гэтай схемы.
Следчыя ўзбудзілі крымінальную справу і ўстанаўліваюць іншых удзельнікаў злачыннай групы.