BE RU EN

У Польшчу беларусаў могуць не ўпусціць без дзейснага запрашэння на візу?

  • 17.08.2026, 15:38

Патлумачылі польскія памежнікі.

Нядаўна ў сацсетках з’явілася хваля незадаволеных каментарыяў ад беларусаў: многім, нават з шэнгенскай візай, пагражаюць не пускаць у Польшчу. Асабліва шмат такіх выпадкаў сярод тых, хто едзе па доўгатэрміновых візах да сваякоў.

Паводле слоў беларусаў, калі шэнгенскую візу выдалі на падставе запрашэння, памежнікі просяць прад’явіць запрашэнне, якое цяпер дзейнічае.

Раней пра запрашэнне памежнікі амаль ніколі не пыталіся. Ды і візы найчасцей выдаюць на больш працяглы тэрмін, чым запрашэнне: запрашэнне пры падачы на візу магло быць на тыдзень, а візу выдавалі на пяць гадоў.

«Белсат» паспрабаваў высветліць, з чым звязана пашырэнне правілаў і што рабіць, калі запрашэнне скончылася.

«Сказалі, што наступным разам могуць не ўпусціць у Польшчу, а візу ануляваць»

Судзячы па водгуках, многіх першы раз памежнікі прабачалі і прапускалі без запрашэння: проста рабілі ў сябе нейкія пазнакі і казалі, што наступным разам не ўпусцяць.

«Віза адкрыта на год, пры паўторным уездзе трэба было запрашэнне, а тое, з якім адкрывалася віза, нібыта не падыходзіць. На мяжы папярэдзілі, што наступным разам без запрашэння не ўпусцяць. Але ў нас была копія натарыяльнага запрашэння — арыгіналы забралі ў консульстве пры падачы на візу. У сістэме зрабілі пазнаку, што наступным разам без запрашэння не ўпусцяць», — пішуць іншыя людзі ў Facebook.

«Сама сутыкнулася з такой сітуацыяй. Запрашэнне на год ад ваяводы скончылася ў лістападзе 2025 года, а візу далі на 5 гадоў. І на мяжы не хацелі пускаць: трошкі ўгаварыла, выратавала тое, што страхоўка была з 2026 года на тры гады», — пішуць беларусы ў Facebook.

«Мае са старым, на год, таксама ездзілі, а на Бобрах (пункт пропуску «Баброўнікі». — Заўв.) ледзь упусцілі, адзначылі, сказалі, што павінна быць сапраўднае. І медыцынская страхоўка абавязковая. Я рабіла новае запрашэнне: на імя начальніка пісала просьбу, за тры дні было гатова ў Беластоку, ехала потым па ім — усё было ок».

«Сказалі, што наступным разам могуць не ўпусціць у Польшчу, а візу ўвогуле ануляваць, калі не будзе дзейснага запрашэння», — пішуць беларусы ў Threads.

Пры гэтым некаторыя карыстальнікі не разумеюць, чаму ўсе так здзіўленыя: у іх і раней маглі папрасіць прад’явіць запрашэнне.

«Не ведаю, можа, я вельмі “шчаслівы” чалавек, але ў мяне запрашэнне палякі прасілі некалькі разоў з 2023 года. Але я часта ездзіла. Дык што ў мяне заўсёды ёсць запрашэнне», — распавяла жанчына.

«Запрашэнне, што страціла сілу, не можа служыць дакументам». Што кажуць польскія памежнікі?

У Памежнай службе Польшчы адказалі, што згодна з артыкулам 23 Закона «Аб замежніках», замежнік, які перасякае мяжу, абавязаны мець пры сабе:

– праязны дакумент;

– дзейсную візу або іншы дзейсны дакумент, які дае права на ўезд і знаходжанне на тэрыторыі Польшчы, калі такія патрабуюцца;

– дазвол на ўезд у іншую дзяржаву або дазвол на знаходжанне ў іншай дзяржаве, калі такія дазволы патрабуюцца ў выпадку транзітнага праезду.

У частцы 1 артыкула 25 Закона «Аб замежніках» таксама напісана, што замежнік, які ўязджае на тэрыторыю Польшчы, абавязаны абгрунтаваць мэту і ўмовы планаванага знаходжання. Акрамя таго, на момант ўезду замежнік павінен мець дзеючы поліс медыцынскага страхавання і фінансавыя сродкі для пакрыцця выдаткаў на квіткі ў абодва бакі і на пражыванне.

Прамога абавязку мець дзейснае запрашэнне пры перасячэнні мяжы ў артыкуле няма, але яго можна трактаваць як абгрунтаванне мэты знаходжання.

«Запрашэнне з’яўляецца доказам таго, што асоба, якая запрашае, забяспечвае замежніка сродкамі на ўтрыманне падчас знаходжання ў Польшчы, жыллём і харчаваннем, а таксама пакрыццём выдаткаў на вяртанне ў краіну паходжання або транзіт. Такія правілы дапушчальныя ў адпаведнасці з палажэннямі Шэнгенскага памежнага кодэксу. Запрашэнне дзейнічае на працягу часу, пазначанага ў ім, што падкрэслівае яго цесную сувязь з заявай асобы, якая запрашае. Запрашэнне, што страціла сілу, не можа служыць у якасці дакумента — доказа, які абгрунтоўвае мэту і ўмовы знаходжання на тэрыторыі Рэспублікі Польшча», — адказалі ў Памежнай службе Польшчы.

На пытанне, чаму раней амаль ні ў каго не патрабавалі сапраўдныя запрашэнні, прадстаўнікі Памежнай службы адказалі, што нічога не змянялася — запрашэнні заўсёды правяралі.

«Супрацоўнікі Памежнай службы, якія ажыццяўляюць памежны кантроль, кожны раз правяраюць прадстаўленыя падчас кантролю дакументы, а таксама мэту і ўмовы планаванага знаходжання», — адказалі журналістам.

Што рабіць, калі запрашэнне ўжо пратэрмінавана?

На пытанне, што рабіць у выпадку, калі тэрмін запрашэння мінуў, польскія памежнікі не адказалі. Толькі яшчэ раз нагадалі, што «запрашэнне дзейнічае ў перыяд, пазначаны ў ім. Запрашэнне, што страціла важнасць, не можа служыць дакументам — доказам, які абгрунтаваў бы мэту і ўмовы знаходжання на тэрыторыі Польшчы».

Можна, вядома, спадзявацца на ўдачу (ці ў крайнім выпадку — на сілу пераканання; часам і гэта спрацоўвала) і паспрабаваць праехаць без запрашэння. Але калі вам тэрмінова трэба выехаць, настойліва раім мець пры сабе дзейснае запрашэнне.

Беларусы ў чатах пішуць, што замест афармлення афіцыйнага ваяводскага запрашэння можна зрабіць натарыяльна заверанае запрашэнне. Так, ваяводскае запрашэнне рэгіструецца ў дзяржаўным рэестры і звычайна падаецца для адкрыцця віз у консульствах. А вось натарыяльнае запрашэнне — гэта проста заява ўласніка або арандатара жылля пра гатоўнасць прыняць госця, якая завераная натарыусам. І калі ў чалавека ўжо ёсць адкрытая доўгатэрміновая віза, найчасцей памежнікам хапала натарыяльнай заявы.

«Маме далі візу на пяць гадоў, запрашэнне было на тры месяцы. Езділа без праблем, але потым прачытала, што цяпер патрабуюць дзейснае запрашэнне. У маі я перадала ёй натарыяльнае запрашэнне, і яна паехала ўжо з ім. Гэта аказалася танней і закрыло пытанне».

Гербавы збор за ваяводскае запрашэнне складае ўсяго 27 злотых (прыблізна 21 беларускі рубель паводле курса Нацбанка), але давядзецца папрацаваць — афіцыйна пацвярджаць свае даходы, падаваць выпіскі і замарожваць буйныя сумы на банкаўскім рахунку для ўтрымання госця. Афіцыйны тэрмін разгляду дакументаў у ваяводстве паводле закона складае да 30 дзён. Звычайнае натарыяльнае засведчанне подпісу каштуе ў межах 25–40 злотых (прыблізна 20–32 рублі), але ніякіх дакументаў пры гэтым збіраць не трэба і афармляецца яно за паўгадзіны.

Апошнія навіны