Беларуска вырасціла кавун вагой 6,1 кілаграма
- 17.08.2026, 16:15
Яна раскрыла сакрэты ўдалага ўраджаю.
Беларуска паказала кавун вагой 6,1 кілаграма, які вырасціла пад Мінскам, пішуць smolevichi-24.by.
Жыхарка аграгарадка Чарніцкі Смалявіцкага раёна Ірына Бурачэўская ужо не першы год вырошчвае кавуны. Першую ягаду з агарода ў 2026 годзе сям'я паспрабавала на пачатку жніўня.
- Наш першы кавун важыў 6 кілаграмаў 120 грамаў! Ягада атрымалася яскравай, сакавітай і вельмі салодкай, — падкрэслівае беларуска.
Сярод любімых сартоў бахчовых жанчына адзначае адразу некалькі — «Мерсіні», «Рамзана», «Бедуін», «Астраханскі».
Спачатку насенне кавуна высаджваюць дома, потым пераносяць у цяпліцу, і толькі ў канцы мая — у адкрыты грунт. У выпадку непадыходнага надвор'я беларуска накрывае парасткі плёнкай або пластыкавымі бутэлькамі.
У лунку Ірына абавязкова дадае крыху ўгнаенняў. Гэта перагной і суперфасфат. Пасля яна мульчыруе глебу і накрывае плёнкай. У момант цвіцення беларуска апырсквае кавуны растворам борнай кіслаты. Пасля яе актыўна з'яўляюцца новыя кветаносы, а ўраджай атрымліваецца вельмі салодкім.