Група «чалавекаў-павукоў» разыграла легендарную мемную сцэну ў цэнтры Мінска
- 17.08.2026, 19:13
Відэафакт.
У цэнтры Мінска заўважылі незвычайную кампанію прыхільнікаў Marvel — каля дзесяці чалавек у касцюмах Чалавека-павука, піша Blizko.by.
«Павучы» дэсант з’явіўся ў сталіцы на фоне вялікай цікавасці да прэм’еры фільма «Чалавек-павук: Новы дзень». Прэм’ера выклікала вялікі ажыятаж сярод прыхільнікаў коміксаў і кіно: сайты арт-кінатэатраў не вытрымлівалі наплыву наведвальнікаў, а квіткі на паказы 13 жніўня раскупляліся літаральна за некалькі гадзін. На прэм’еру прыязджалі нават гледачы з Расіі.
Адну з груп заўважылі ўвечары 15 жніўня ў цэнтры Мінска. Каля дзесяці маладых людзей у аднолькавых касцюмах Чалавека-павука прайшліся па вуліцах Кастрычніцкай і Інтэрнацыянальнай.
Удзельнікі кампаніі паводзілі сябе спакойна: гулялі па горадзе, фатаграфаваліся з мінакамі, каталіся на электрасамакатах і жартам паўтаралі знакамітую сцэну з мультсерыяла 1990-х гадоў, якая пазней ператварылася ў папулярны інтэрнэт-мем.
Пазней незвычайную «павучую дэлегацыю» заўважылі ўжо ў клубе Modul Art Platform. Там удзельнікі кампаніі працягнулі вечар на танцпляцоўцы.