BE RU EN

Фэйсбук і Інстаграм могуць назаўсёды змяніцца

Калі Meta прайграе суд аб абароне персанальных даных дзяцей.

У аўторак кампанію Meta чакае суд з удзелам прысяжных, вынік якога можа паставіць пад пагрозу дзейнасць кампаніі, якая ўжо раней прайграла некалькі судоў, на якіх было даказана, што платформы Meta шкодзяць непаўналетнім, піша Бі-бі-сі.

Судовае разбіральніцтва звязана з пазовам, пададзеным у 2023 годзе 30 штатамі ЗША, уключаючы Каліфорнію і Нью-Ёрк, у якім яны абвінавачваюць кампанію ў шматлікіх парушэннях федэральных і дзяржаўных законаў аб абароне прыватнага жыцця дзяцей.

Капіталізацыя кампаніі цяпер складае каля 1,5 трыльёна долараў. Істцы патрабуюць не толькі кампенсацыю ў памеры больш за 1 трыльён долараў, але і ўнясення змяненняў у Інстаграм і Фэйсбук, у тым ліку скасаванне лічыльнікаў «лайкаў» і бясконцай стужкі.

Калі Meta ў выніку прайграе справу такога маштабу, гэта можа прывесці да фундаментальных змяненняў у тым, як моладзь карыстаецца сацыяльнымі сеткамі.

Істцы патрабуюць кардынальна змяніць падыход, а менавіта:

увесці працэс бацькоўскай верыфікацыі для карыстальнікаў-падлеткаў

змяніць «алгарытмы рэкамендацый, што маніпулююць дафамінам»

выдаліць фільтры, якія змяняюць знешнасць

скасаваць аўтаматычнае прайграванне відэа

забароніць стварэнне некалькіх уліковых запісаў

адключыць знікаючыя «эфемерныя» публікацыі, у прыватнасці, сторыс у Інстаграме

Істцы лічаць, што гэтыя функцыі створаныя для таго, каб карыстальнікі, у тым ліку падлеткі, як мага часцей заходзілі на платформы і заставаліся там як мага даўжэй. Праводзіць менш часу анлайн перашкаджаюць і частыя апавяшчэнні, якія падштурхоўваюць заходзіць у прыкладанні. Meta «выбрала эксплуатацыю» маладых людзей і злавіла іх «на кручок», каб пашырыць базу карыстальнікаў і свой бізнес, лічаць аўтары пазову.

Meta паслядоўна адмаўляе гэтыя абвінавачанні.

«Мы катэгарычна не згодныя з гэтымі абвінавачаннямі і ўпэўненыя, што доказы пакажуць нашу даўнюю прыхільнасць падтрымцы моладзі», — гаворыцца ў заяве прадстаўніка кампаніі.

Працэс вядзе Івон Гонсалес Роджэрс, галоўная федэральная суддзя Каліфорніі. Яна была суддзёй на гучным працэсе «Ілон Маск супраць Сэма Альтмана» і за амаль 20 гадоў працы ў судзе здабыла рэпутацыю праніклівага і бескампраміснага юрыста.

Сацсетка як грамадская праблема

Каля тыдня таму суддзя штата Нью-Мексіка Браян Бідсхейд аштрафаваў кампанію на агульную суму 942 млн долараў і абавязаў яе ўнесці змены, падобныя да тых, якіх цяпер патрабуюць іншыя штаты. Кампанія павінна выдаліць лічыльнік лайкаў для карыстальнікаў маладзей за 18 гадоў, абмежаваць пуш-апавяшчэнні ў пэўныя гадзіны дня і забяспечыць, каб непаўналетнія не маглі ні адпраўляць, ні атрымліваць выявы аголенага цела.

Суддзя назваў Meta грамадскай небяспекай — падобна заводу, які выкідвае ў атмасферу шкодныя рэчывы, забруджваючы навакольнае асяроддзе і такім чынам парушаючы агульнае права людзей на чыстае паветра. Так і шкодныя наступствы працы платформаў Meta, на яго думку, распаўсюджваюцца далёка за межы саміх платформаў. Meta заявіла, што будзе абскарджваць тое рашэнне.

Пастанова суддзі Бідсхейда патрабуе ад Meta ўнясення змяненняў толькі ў Нью-Мексіцы, але калі пазоў супраць кампаніі выйграюць 30 штатаў, змены ў працы платформы амаль напэўна давядзецца ўводзіць на ўсёй тэрыторыі ЗША (то бок у 50 штатах). Штаты, якія ўдзельнічаюць у судовым працэсе, прадстаўляюць амаль дзве траціны насельніцтва краіны.

Калі Meta сапраўды ўнясе такія змены, гэта будзе азначаць істотнае перафарматаванне працы яе платформаў.

Лічыльнік лайкаў, напрыклад, існуе з моманту з’яўлення Фэйсбука, які быў першай платформай кампаніі, што тады называлася не Meta, а Facebook.

Лайкі — гэта асноўны спосаб узаемадзеяння людзей з тэкстам, фатаграфіямі і відэа, якія яны бачаць у сацсетках. Аднак цяпер усё часцей гавораць пра тое, што яны падсілкоўваюць эмоцыі, асабліва ў маладых людзей.

Кэйлі, маладая жанчына, якая гэтай вясной выйграла суд супраць Meta, падчас працэсу расказала, як стварыла дзясяткі ўліковых запісаў у Інстаграме і Ютубе. Яна ставіла лайкі сама сабе ў надзеі прыцягнуць увагу іншых карыстальнікаў і такім чынам павысіць самаацэнку і адчуць, што яе цэняць. Па яе словах, у яе была дэпрэсія — такі дыягназ паставілі пазней, калі ёй было 10 гадоў.

Даследаванні апошніх некалькіх гадоў паказалі, што паказчыкі ўцягнутасці, такія як колькасць лайкаў, могуць выклікаць у падлеткаў адчуванне адпрэчвання і дэпрэсію.

У межах разгляду справы Meta надала больш за два мільёны дакументаў. Юрысты з боку істцоў звяртаюць увагу на ўласнае даследаванне Meta, якое паказала, што колькасць лайкаў пад выявамі падштурхоўвае людзей параўноўваць сябе з тымі, хто атрымаў больш лайкаў, і гэта ўплывае на іх самаацэнку. Гэта ўзмацняе адчуванне адзіноты, пагаршае ўспрыманне ўласнага цела і вядзе да дрэннага настрою і нават афекту.

Суддзя Бідсхейд адзначыў у пастанове, што тое, як больш за 10 гадоў працавалі платформы Meta, пагоршыла «крызіс псіхічнага здароўя моладзі» ў Нью-Мексіцы і іншых рэгіёнах.

Цяпер яшчэ 30 штатаў ЗША будуць падштурхоўваць суддзю Івон Гонсалес Роджэрс да аналагічнага вердыкту.

Апошнія навіны