Масква і Маскоўская вобласць у агні: сталіца РФ падвергнулася рэкорднай атаке БПЛА
- 18.08.2026, 12:24
Атака 18 жніўня стала найбуйнейшай за два гады.
У ноч на 18 жніўня Масква і Маскоўская вобласць падвергліся адной з найбуйнейшых атак беспілотнікаў з пачатку вайны. Пра гэта піша Dialog.UA са спасылкай на расійскія крыніцы і маніторынгавыя рэсурсы.
Паводле слоў мэра сталіцы РФ Сяргея Сабяніна, з вечара у напрамку горада ляцелі 627 украінскіх БПЛА, каля 180 з якіх расійскія сілы ППА нібыта знішчылі непасрэдна ў Маскоўскім рэгіёне.
Расійскае прапагандысцкае агенцтва ТАСС назвала атаку найбуйнейшай па маштабе за апошнія два гады. Адбіццё ўдару працягвалася і раніцай аўторка.
Паводле даных расійскіх уладаў і мясцовых жыхароў, падзенне абломкаў дронаў у выніку працы ППА прывяло да пашкоджанняў і пажараў у некалькіх раёнах Маскоўскай вобласці. У прыватнасці, паведамлялася пра загаранне ў раёне нафтаперапрацоўчага завода ў Капотні.
У вёсцы Кузнецы цалкам згарэў прыватны дом, яшчэ два дамы атрымалі пашкоджанні ў Багародскім. У раёне «Атлант-парка» беспілотнік трапіў у склад Wildberries. Таксама паведамлялася пра працу ППА ў раёне склада Ozon у Купаўне.
У Каломне пасля падзення абломкаў загарэўся гандлёвы павільён каля гандлёвага цэнтра «Глобус». Былі пашкоджаныя будынкі ЗАГСа і крамы, а таксама вокны жылога дома. У Катэльніках загарэліся будаўнічыя лясы і ізаляцыйныя матэрыялы на тэрыторыі жылога комплексу, што будуецца.
Акрамя таго, у Электрасталі паведамлялася пра пашкоджанне аўтамабіля і трансфарматарнай падстанцыі, а ў Раменскім акрузе — прыватнага дома. На фоне атакі часовыя абмежаванні ўводзіліся ва ўсіх чатырох маскоўскіх аэрапортах. Расійскія ўлады працягвалі заяўляць пра адбіццё налёту і знішчэнне беспілотнікаў.