У Беларусі затрымалі літоўскага бізнесмена
- 18.08.2026, 12:37
Ён кіраваў адным з найбуйнейшых дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў.
Літоўскі бізнесмен Вітаўтас Сланкаускас, які кіраваў адным з найбуйнейшых дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі, у чэрвені быў затрыманы і ўзяты пад варту. Пра гэта стала вядома LRT.
Вітаўтас Сланкаускас працаваў кіраўніком унутранага аўдыту ў кампаніі з аўстрыйскім капіталам «HS Belacon» у Беларусі, а да гэтага тры гады кіраваў прадпрыемствам.
Міністэрства замежных спраў Літвы пацвердзіла журналістам, што пра затрыманне праінфармавана пасольства Літвы ў Беларусі. Дадатковую інфармацыю міністэрства не прадастаўляе, паважаючы прыватнае жыццё грамадзян.
Аўстрыйскія інвестары з «Timber Group» нанялі літоўца дзякуючы яго досведу кіравання будаўніцтвам буйных заводаў як у Літве, так і ў Беларусі. Сланкаускас працаваў у «Vakarų medienos grupė» (Заходняй групе драўніны), а таксама на пабудаваным літоўцамі заводзе «Mebelain» у Беларусі.
Грамадзянін Літвы быў абвінавачаны ў пастаўцы бракаваных дэталяў у Расію і Беларусь. Вядома, што дрэваапрацоўную прамысловасць у Беларусі кантралюе Лукашэнка, многія прадпрыемствы ўжо былі нацыяналізаваныя (перахопленыя дзяржавай).
Палітолаг Віціс Юрконіс кажа, што гэта не першы выпадак, калі затрымліваюць прадпрымальніка з Літвы, які працуе ў Беларусі. Таму, паводле яго слоў, кожны павінен ацэньваць рызыкі.
«Не першы, і баюся, што не апошні раз. Не мае значэння, капітал якой краіны ў кампаніі і які гэта бізнес. Ніхто тут не можа сябе абезапасіць, бо Беларусь — неправавая дзяржава. Успомнім выкрадзены самалёт "Ryanair", дальнабойшчыкаў», — сказаў Юрконіс.
Міністэрства замежных спраў Літвы яшчэ раз настойліва раіць грамадзянам сваёй краіны не ехаць у Беларусь, а тым, хто цяпер там знаходзіцца, — неадкладна яе пакінуць.