Гандаль прызначылі крайнім
- Алесь Гудыя
- 18.08.2026, 13:28
Чаму беларусы не купляюць беларускае?
Доля беларускіх тавараў у розніцы — 54,6%, прырост за паўгоддзе — 0,1%, то бок на ўзроўні статыстычнай хібнасці. Такія даныя прывёў на нядаўнай нарадзе ў Вілейцы Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў, што нават гэты прырост забяспечаны продажамі аўтамабіляў «БелДжы» пад дзяржаўныя крэдыты. «Уладальнікі сетак таксама нясуць адказнасць за фармаванне попыту менавіта на карысць айчыннага», — заявіў Лукашэнка. Але ці ў гэтым корань праблемы?
Толькі за пяць месяцаў цяперашняга года ў Беларусь завезлі спажывецкіх тавараў на 7,5 млрд долараў — амаль на трэць больш, чым годам раней. А ў больш доўгай рэтраспектыве карціна яшчэ выразнейшая. У студзені — чэрвені 2015 года доля айчыннага ў тавараабароце арганізацый гандлю складала 69,5%. У 2021-м — 59,2%. У 2024-м — 57,9%. Цяпер — 54,6%. Мінус 15 пунктаў за 11 гадоў, прычым пры рознай кан’юнктуры і розным наборы даручэнняў зверху. Відавочны трэнд.
Паказальная і структура цяперашняга «росту» долі беларускіх тавараў на айчынных паліцах. Нехарчовыя тавары за студзень — чэрвень насамрэч дадалі — з 34,3% да 35,9% у параўнанні з першым паўгоддзем 2025-га. Але ўнутры гэтай групы ёсць адна пазіцыя, якая тлумачыць усё: доля айчынных новых легкавых аўтамабіляў вырасла з 39% да 68%. Гэта і ёсць «БелДжы» з дзяржаўнай падтрымкай крэдытавання.
Вычніце гэты складнік — і ніякага прыросту не застанецца.
Калі выбару няма, бяруць тое, што ёсць
А вось пра што на нарадзе не дакладалі. Бытавыя халадзільнікі і маразільнікі: доля айчынных у продажах упала за першае паўгоддзе да аналагічнага перыяду папярэдняга года з 47,2% да 31,3% — мінус 16 пунктаў. Бытавая хімія — з 36,8% да 31%. Керамічная плітка — з 55,9% да 51,9%.
У лёгкай прамысловасці — не менш выразна: трыкатажнае адзенне — 36,6% у 2021 годзе, 13,1% цяпер. Ніжняя бялізна — з 64,2% да 37,9%. Абутак — з 34,1% да 14,9%. Панчошна-шкарпэткавыя вырабы, дзе беларускі вытворца яшчэ нядаўна трымаў рынак, — з 78,8% да 62,5%. Гэта не пра санкцыі і не пра маркетплэйсы: пакупнік проста перастаў браць айчыннае.
Харчаванне трымаецца лепш — 75,4%, — але і там ёсць правалы, прычым менавіта ў перапрацоўцы. Дзіцячае харчаванне: было 78,7% у 2021 годзе, стала 67,4%. Пладова-агароднінныя кансервы і сокавая прадукцыя — з 80,6% да 65,8% усяго за чатыры гады — і гэта ў краіне з моцным аграсектарам, якая ганарыцца ўраджаем. Макаронныя вырабы — з 65,7% да 57%. Свежыя яблыкі — з 62,2% да 47,8% за адзін год.
Праўда, ёсць і адваротныя прыклады, і яны не менш красамоўныя. Тэлевізары — з 14,3% у 2021 годзе да 27,4%. Веласіпеды — з 22,7% да 30,5% за год. Каньяк — з 65,8% да 71,6%. Ніякіх нарад па тэлевізарах і веласіпедах не праводзілася. Проста з’явіўся тавар, які купляюць.
Вядома, ёсць фактычныя манаполіі. Аўтамабільны бензін — 100%. Дызельнае паліва — 100%. Яйкі — 100%. Свініна — 100%. Цукар — 99,3%, гарэлка — 99,1%, сліўкавае масла — практычна 100%. Але там, дзе выбар рэальны, доля падае да 13–15%.
Заканамернасць простая: паказчык роўны 100 там, дзе альтэрнатывы фізічна няма — або з-за лагістыкі, або таму, што шлях імпарту закрыты. Імпартазамяшчэнне па-беларуску ў розніцы трымаецца не на канкурэнтаздольнасці, а на адсутнасці канкурэнта.
Гандаль прызначылі крайнім
Дыягназ, пастаўлены на нарадзе, гучыць так: уладальнікі сетак нясуць адказнасць за фармаванне попыту на карысць айчыннага, і з гэтай задачай яны не спраўляюцца. Паводле меркавання чыноўнікаў, гандаль павінен не задавольваць попыт, а фарміраваць яго, прычым у загадзя зададзеным кірунку, вызначаным не пакупніком, а планам зверху — там лепш ведаюць.
У эканоміцы, уладкаванай нармальна, попыт нараджае прапанову. Бізнес бачыць, што людзі купляюць, і ў адказ пачынае гэта вырабляць. Вырабленае само аказваецца на паліцы, бо гандаль зарабляе абаротам, а не справаздачнасцю.
І ў нас ніхто не аддае сетцы каманду ўзяць беларускі тавар, які карыстаецца попытам: калі ён хадовы, бяруць і так.
У логіцы нарады ланцуг перавернуты: чыноўнік арыентуе сетку, сетка арыентуе вытворцу, вытворца робіць тое, што сетка абавязана рэалізаваць, і сетка адчытваецца пра рост долі беларускіх тавараў у рэалізацыі. Замкнёны контур, у якім ёсць усё, акрамя пакупніка са сваім меркаваннем.
Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч там жа адзначыў, што асартымент шырокі і пакупнікам ёсць з чаго выбраць. Фармальна — рапарт пра поспех. Па сутнасці — апісанне механізму, які на нарадзе абмаляваны як праблема.
Выбар і ёсць прычына «правалу»: пакуль выбару няма, доля айчыннага аўтаматычна імкнецца да 100%. Роўна так гэта і працавала ў сістэме, настальгію па якой Лукашэнка ў той жа дзень не хаваў, заявіўшы, што краіне не стае савецкай сістэмы кіравання, і прывёўшы ў прыклад Кітай, які «з дурноты нічога не ламаў».
Сацыялогія на касе
Асобнай згадкі заслугоўвае формула пра грошы, якія маглі б застацца ў айчыннага вытворцы, але ўцякаюць за мяжу. Чыноўнікам складана мірыцца з тым, што гэта чужыя грошы: нават калі яны належаць дамашнім гаспадаркам, якія іх зарабілі і патрацілі на ўласны розум.
Купля імпартнага халадзільніка замест беларускага — не ўцечка, а галасаванне кашальком. Сёння гэта ці не адзіная ў краіне свабодная сацыялогія, якую нельга падправіць: яна праводзіцца штодня на касе і публікуецца ў статыстыцы рознічнага тавараабароту.
Сумясціць два зводы правілаў — рынкавыя і нерыначныя — у адной эканоміцы цяжка. Альбо цана і прыбытак вызначаюць, што вырабляць, альбо гэта вызначае разнарадка. Савецкая мадэль была ўнутрана несупярэчлівая: яна выключала прыбытак як крытэрый, таму плановая стратнасць была нармальным станам, а не дыягназам.
Наглядны прыклад спроб такога сумяшчэння — Белкаапсаюз, найбольш адміністраваны гулец сельскага гандлю, той, каму даручана быць у ім заканадаўцам моды. Чыстая страта рознічнага гандлю за паўгоддзе — 16,4 млн рублёў, рост у 11 разоў (нават Лукашэнка назваў гэта «жахам»). Мінус 314 крам на вёсцы за год. Максімум кіравання, мінімум выніку. Аднак прэтэнзіі чыноўнікаў адрасаваныя «Еўраторгу» і маркетплэйсам, рэнтабельнасць якіх называюць абуральна высокай.
Праўда, нават такая канструкцыя здольная існаваць доўга, але толькі пры адной умове: пакуль ёсць рэнта, якой закрываецца розніца паміж планам і арыфметыкай.
Расійская падтрымка, транзітныя патокі, доступ да таннай сыравіны — усё гэта гадамі аплачвала суіснаванне несумяшчальнага. Гэтая рэнта, аднак, не бясконцая, не безумоўная і даражэе: плацяць сёння за яе ўсё больш палітычнымі ўступкамі, і рахунак з цягам часу выстаўляецца ў валюце суверэнітэту.
Алесь Гудыя, «Позірк»