Беларусь узгадалі ў папулярным шпіёнскім серыяле з самай касавай актрысай свету ў галоўнай ролі
- 18.08.2026, 14:10
Беларусы з’яўляюцца ў нечаканым павароце сюжэта.
Трэці сезон папулярнага шпіёнскага трылера «Спецназ: Львіца» (Lioness), дзе галоўную ролю грае Зоі Салдана — самая касавая актрыса ў гісторыі, — нечакана звёў дзеянне ў Беларусь, піша «Зеркало».
У другім эпізодзе сезона галоўная гераіня, афіцэр ЦРУ Джо Макнамара, пасля вяртання са спецаперацыі ва Украіне падвяргаецца замаху прама ў сябе дома ў Вірджыніі. Нападнікаў затрымліваюць, і выяўляецца, што гэта найміты з Беларусі. Vulture у разборы эпізоду звязвае атаку з украінскай місіяй: маўляў, каманда Джо міжволі справакавала адказны ўдар ужо на амерыканскай тэрыторыі. Хто менавіта стаіць за нападзеннем і куды вядзе гэтая лінія, мы раскрываць не будзем — абыдземся без спойлераў.
Выканаўца галоўнай ролі Зоі Салдана ў студзені 2026 года, пасля выхаду фільма «Аватар: Агонь і попел», была прызнаная самай касавай актрысай у гісторыі кіно, апярэдзіўшы Скарлет Ёгансан і Сэмюэла Л. Джэксана. Салдана здымалася ў трох самых касавых фільмах у гісторыі — у фільмах «Аватар», «Мсціўцы: Фінал» і «Аватар: Шлях вады», а таксама ў трылогіі «Стар Трэк» і трох частках «Вартавыя Галактыкі». Сумарныя сусветныя зборы ўсіх (у тым ліку менш вядомых) яе карцін перавысілі 15,46 мільярда долараў — гэта рэкорд не толькі сярод актрыс, але і сярод акцёраў у цэлым.
Пра што серыял
«Спецназ: Львіца» — гэта серыял Paramount+ пра праграму ЦРУ, у межах якой жанчын-агентаў інфільтруюць у асяроддзе тэрарыстаў і іншых пагроз нацыянальнай бяспекі. Прыдумаў серыял Тэйлар Шэрыдан — самы ўплывовы шоуранер у Paramount+, аўтар цэлага шэрагу франшыз платформы, такіх як «Елаўстоўн», «Мэр Кінгстаўна», «Рака Мэдысан», «Ранчо Даттанаў», «Лэндмэн» і іншыя. У трэцім сезоне «Львіцы» ён і сам з’яўляецца на экране.
Акрамя Салданы, заўважныя ролі ў серыяле выконваюць Ніколь Кідман (куратарка Джо ў ЦРУ), Майкл Келі (намеснік дырэктара ЦРУ) і Морган Фрыман (дзяржсакратар ЗША).
Прэм’ера першага сезона адбылася ў ліпені 2023 года. Трэці стартануў 2 жніўня 2026-га, серыі будуць выходзіць штотыдзень да фіналу 20 верасня. Сезон адразу аказаўся больш папулярным за папярэднія: першы эпізод за тыдзень пасля выхаду паглядзелі 7,1 млн чалавек на афіцыйных платформах.
Рэакцыя крытыкаў таксама змянялася ад сезона да сезона: першы атрымаў толькі 54% на Rotten Tomatoes, другі — 90%, трэці пакуль трымаецца на ўзроўні 85%. Гледачы пры гэтым ацэньвалі першыя два сезоны на 70+, а трэці — ужо на 84%. У серыяла таксама ёсць адна намінацыя на прэмію Эмі (за пастаноўку трукаў) і яшчэ паўтара дзясятка ўзнагарод і намінацый ніжэйшага рангу.