У Беларусі змяняецца памер базавай стаўкі
- 18.08.2026, 16:51
Да яе прывязаныя заробкі бюджэтнікаў.
У Беларусі з 1 верасня 2026 года будзе павялічаны памер базавай стаўкі (БС). Адпаведную пастанову падпісаў прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын, паведамляе прэс-служба ўрада. Так, з пачатку восені памер базавай стаўкі складзе 300 рублёў.
Папярэдні раз павышэнне БС было 1 студзеня 2026 года — тады яна вырасла на 24 рублі да 297 рублёў. На гэты раз, у верасні, памер стаўкі павялічыцца ўсяго на 3 рублі.
Значэнне гэтага паказчыка ўплывае на заробкі бюджэтнікаў. Прапарцыйна могуць павялічыцца і кампенсацыйныя, стымулюючыя выплаты, гэта значыць надбаўкі, прэміі, даплаты і г.д.
З 1 студзеня 2020 года ў Беларусі зацвердзілі новую сістэму разліку заробкаў бюджэтнікаў. Менавіта тады і была ўведзеная базавая стаўка. А 27 тарыфных разрадаў для ўсіх катэгорый работнікаў замянілі 18 разрадамі выключна для бюджэтнікаў.
Пры гэтым было ўстаноўлена, што аклад разлічваецца шляхам множання базавай стаўкі на каэфіцыент тарыфнага разраду (кратны памер БС), устаноўлены па пасадзе або прафесіі работніка.
Калі казаць проста і коратка, базавая стаўка патрэбная для разліку акладаў бюджэтнікаў, а базавая велічыня (БВ) — для вызначэння памеру падаткаў, збораў, штрафаў, дапамог і стыпендый.