Крэмль: Расія не збіраецца завяршаць вайну супраць Украіны
- 18.08.2026, 19:12
РФ выключае магчымасць «замарожвання» вайны па лініі судакранання.
У Крэмлі заяўляюць, што Расія выключае магчымасць «замарожвання» вайны супраць Украіны па лініі судакранання.
Пра гэта заявіў памочнік расійскага дыктатара Юрый Ушакоў, цытуе расійскае агенцтва «Інтэрфакс».
Расія не зацікаўленая ў спыненні баявых дзеянняў па цяперашняй лініі судакранання.
«Вы ведаеце нашу пазіцыю, яна гэта выключае», — сказаў Ушакоў, адказваючы на пытанне пра прапанову замежных краін замарозіць расійска-ўкраінскую вайну па лініі судакранання.
У адміністрацыі Пуціна таксама адказалі, ці сапраўды Расія і ЗША вядуць «ціхую дыпламатыю», як адзначаецца ў публікацыях амерыканскіх СМІ.
«Дыпламатыя, як правіла, заўсёды вядзецца ціха. Калі пра нешта гавораць гучна, то гэта ўжо не дыпламатыя, гэта, відаць, ужо публічныя заявы», — сказаў Ушакоў.