BE RU EN

Пасланне Пуціну ад печанегаў

  • Абас Галлямаў

«Шукаючы чужое, страціў сваё».

Пуцін нібыта любіць гісторыю, ён мог бы, напрыклад, пачытаць, як неўтаймаваныя знешнепалітычныя апетыты згубілі князя Святаслава, вечнай эпітафіяй якому сталі словы, начэрчаныя на чашы, зробленай з чэрапа забітага, печанежскім князем, які яго забіў: «Шукаючы чужое, страціў сваё».

У 1813 годзе — ужо пасля завяршэння бесслаўнага паходу Напалеона на Маскву, а потым і пасля разграму пад Лейпцыгам — Аўстрыя, Расія і Прусія прапаноўвалі яму мір. Так, французскі імператар мусіў значна стрымаць свае апетыты — вярнуць частку раней захопленых ім тэрыторый іх былым уладальнікам, а таксама прызнаць незалежнасць тых дзяржаў, якія ён прызнаваць не хацеў. Ішлося пра землі на Балканах, у Германіі, Італіі, Польшчы і гэтак далей. Пры гэтым Бонапарта не бралі за горла — ніхто не пасягаў на яго ўладу не толькі ў Францыі, але і, напрыклад, у кантраляваных ім тады Эльзасе і Латарынгіі, а таксама на тэрыторыі, якая пазней стала Бельгіяй. Яму прапаноўвалі і Савою, і ўвесь левы бераг Рэйна — то-бок велізарныя тэрыторыі, якімі французскія каралі да Напалеона ўвогуле не валодалі. Тэарэтычна, у выніку перамоваў ён мог паспрабаваць захаваць нават Іспанію — многія ўмераныя ў шэрагах саюзнікаў пагадзіліся б на гэтую яго ўмову, калі б ён яе вылучыў.

Напалеон, перапоўнены пыхай, аднак адхіліў усе мірныя ініцыятывы сваіх ворагаў, бо паловы таго, на што ён прэтэндаваў, яму было мала — ён хацеў усё. Чым гэта для яго скончылася — добра вядома.

Насамрэч многія аўтакраты ў пэўны момант атрымлівалі падобныя прапановы і рабілі тое самае, што французскі імператар, — адказвалі адмовай. Як і ён, яны спадзяваліся, што сілай зброі змогуць узяць больш. Так было, напрыклад, з парагвайскім дыктатарам Франсіска Салана Лопесам падчас вайны супраць Патройнага саюза; тое самае здарылася з германскім кайзерам Вільгельмам II падчас Першай сусветнай вайны. Так было з Гітлерам, з Мусаліні, з аргентынскай ваеннай хунтай, якая развязала Фалклендскую вайну, з Садамам Хусэйнам пасля акупацыі Кувейта. Уласна і Мілошавічу, лёсам якога так трывожыць Пуціна, — перад тым, як пачаць супраць яго аперацыю, — Захад таксама неаднаразова рабіў мірныя прапановы, якія той адхіляў.

Для ўсіх гэтых людзей, што мнялі сябе вялікімі і прэтэндавалі на большае, чым маглі адкусіць, амбіцыі скончыліся вельмі сумна. Кіраваным імі народам таксама давялося нялёгка. Яны заплацілі за неўтаймаваную пыху сваіх кіраўнікоў мільёнамі жыццяў. Як казалі на Русі: «Шмат нагрэбеш — дадому не данясеш».

Абас Галлямаў, «Тэлеграм»

Апошнія навіны