Страты расійскай арміі ў ліпені дасягнулі рэкордных значэнняў за ўвесь час вайны
- 2.08.2026, 17:11
Больш за 42 тысячы.
Расійскія войскі ў ліпені 2026 года страцілі 42 860 чалавек забітымі і параненымі, паведаміў Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны. Гэта найвышэйшы месячны паказчык за ўвесь час вайны, што сведчыць пра ўстойлівы рост расійскіх страт з лютага 2026 года, калі яны ацэньваліся ў 26 090 чалавек, адзначаюць аналітыкі ISW. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 31 ліпеня заявіў, што з лютага 2022 года Расія страціла амаль 700 тыс. вайскоўцаў забітымі, а сукупныя страты Узброеных Сіл РФ наблізіліся да 1,6 млн чалавек.
Пры гэтым, нягледзячы на рэкордныя страты, тэмпы расійскага наступу застаюцца надзвычай нізкімі. Паводле ацэнак ISW, за ліпень расійскія войскі змаглі прасунуцца толькі на 37,85 кв. км украінскай тэрыторыі — менш за плошчу Манхэтэна, што адпавядае ў сярэднім 1,22 кв. км у суткі. Калі ўлічваць раёны, у якіх расійскім падраздзяленням удалося толькі ўклінацца ў украінскую абарону, агульная плошча захопленай або такой, што знаходзіцца пад іх агнявым кантролем, тэрыторыі склала каля 121,56 кв. км. Для параўнання: у ліпені 2025 года расійская армія захапіла 455,74 кв. км. Такім чынам, нават з улікам тактыкі лакальных прарываў цяперашнія тэмпы наступу толькі нязначна пераўзыходзяць паказчыкі лютага 2026 года, якія папярэднічалі вяснова-летняму наступу, што пачаўся ў сярэдзіне сакавіка, адзначаюць аналітыкі.
Суадносіны страт і дасягнутых вынікаў, паводле ISW, становяцца ўсё менш выгаднымі для Расіі. Згодна з данымі ўкраінскага Генштаба, у ліпені расійскія войскі гублялі ў сярэднім 353 чалавекі на кожны квадратны кіламетр тэрыторыі, на які змаглі прасунуцца або ўклінацца, а на кожны цалкам захоплены квадратны кіламетр — 1 132 чалавекі. Аналітыкі адзначаюць, што расійская армія плаціць усё вышэйшую цану за практычна нязменныя тэмпы прасоўвання, нягледзячы на спробы Крамля прадставіць сітуацыю інакш з дапамогай прапаганды. Пры гэтым у ISW не бачаць прыкмет таго, што ў найбліжэйшай перспектыве расійскім войскам удасца рэзка паскорыць прасоўванне або вярнуць сабе здольнасць да маштабных манеўраных аперацый.
На гэтым фоне Крэмль узмацняе інфармацыйную кампанію, імкнучыся прадставіць наступ больш паспяховым, чым ён ёсць насамрэч. Так, 31 ліпеня Мінабароны Расіі і прапагандысцкае агенцтва ТАСС распаўсюдзілі, паводле ацэнкі Інстытута, перабольшаныя даныя пра колькасць населеных пунктаў, нібыта занятых расійскімі войскамі ў ліпені. Аднак нават гэтыя афіцыйныя заявы не сведчаць пра тэмпы прасоўвання, дастатковыя для прарыву ўкраінскай абароны і акупацыі тэрыторый, якія Масква планавала захапіць да канца 2026 года, піша ISW.
Падобныя высновы раней прадставіў Цэнтр стратэгічных і міжнародных даследаванняў (CSIS). У апублікаваным 1 ліпеня даследаванні аналітыкі ацанілі сукупныя страты расійскай арміі з пачатку поўнамаштабнай вайны да чэрвеня 2026 года прыкладна ў 1,4 млн чалавек. Паводле даных CSIS, у першай палове 2026 года Расія штомесяц губляла ад 30 да 34 тыс. вайскоўцаў, што перавышала тэмпы набору новых кантрактнікаў.