Як прынцып «самі з вусамі» ўдарыў па Лукашэнку бумерангам
- 2.08.2026, 20:43
На прыкладзе ўбачанага ў цэху кампаніі «Савушкін прадукт».
На гэтым тыдні правіцель наведаўся ў Брэсцкую вобласць, дзе яму ўладкавалі экскурсію па адным з прадпрыемстваў ААТ «Савушкін прадукт» з адначасовым падарункам скульптуры каровы ў натуральную велічыню, піша «Салідарнасць».
У афіцыёзным рэпартажы з Бярозы мільганула характэрная дэталь: пакуль правіцель рэўніва выпытваў у світы, ці замяніў новы прэс-падборшчык імпартныя аналагі, у кадр трапіў малакавоз.
Усё б нічога, але гэта быў не МАЗ, а кітайскі Sitrak. І справа тут не толькі ў тым, што гэта яшчэ адно пацвярджэнне сумнага факта выціскання беларускай тэхнікі з уласнага рынку кітайскімі вытворцамі.
Грузавікі Sitrak кітайскі канцэрн Sinotruk вырабляе пры ўдзеле нямецкай кампаніі MAN. Той самай, што ў 1998-м прыйшла ў Беларусь для стварэння сумеснага прадпрыемства з Мінскім аўтазаводам.
У 2022-м Лукашэнка расказаў губернатару Пензенскай вобласці Алегу Мельнічэнку, як развітаўся з немцамі:
«У нас таксама немцы працавалі. І МАЗ — МАН і «Неоплан» у свой час на МАЗе. Кантракт скончыўся, я ім паціснуў руку, сказаў: «Дзякуй, далей мы будзем развівацца самі». Чаго б гэта нам ні каштавала, вось гэтыя цяжкасці, складанасці».
Як бачым, прынцып «самі з вусамі» усё часцей вяртаецца бумерангам.