YouTube заблакаваў канал сербскага рэжысёра-пуцініста Эміра Кустурыцы
- 20.08.2026, 6:16
Рэжысёр супрацоўнічаў з прапагандысцкім выданнем Sputnik.
YouTube заблакаваў канал «Моя жизнь» (Moj život) сербскага рэжысёра Эміра Кустурыцы, паведамляе Спутњик Србија.
На ім публікаваліся праграмы, створаныя ў супрацоўніцтве са Sputnik.
Правілы YouTube прадугледжваюць магчымасць закрыцця канала з-за скаргаў карыстальнікаў на змест відэа, а таксама яго аўтаматычнае выдаленне пасля атрымання трох папярэджанняў запар на працягу 90 дзён.
Кустурыца некалькі разоў прыязджаў у Расію. На сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Крамлі ў красавіку 2024 года рэжысёр, ацэньваючы ваенныя дзеянні РФ ва Украіне, падзякаваў дыктатару Расіі за «асабістую гістарычную справядлівасць». «Тое, што цяпер адбываецца ва Украіне, — гэта барацьба для нас. Мы бачылі, што адбывалася з бандэраўцамі ў Харватыі, калі яны выгналі 230 тыс. сербаў. Я лічу, што гэтая аналагія вельмі важная для ўсіх», — сказаў ён. Кустурыца таксама асудзіў «адмену» расійскай культуры за мяжой.
Ён паведаміў пра планы зняць у Расіі сучасныя экранізацыі рускіх класікаў. «Першы — «Інжынер лёгкіх прагулкаў» — гэта мая сучасная версія Дастаеўскага. Потым Гогаль — «Як пасварыўся Іван Іванавіч з Іванам Нікіфаравічам», <...> і трэцяе — «Казакі» Льва Мікалаевіча Талстога», — сказаў Кустурыца.