Майк Тайсан з'явіўся ў украінскай вышыванцы на парадзе зорак боксу ў Нью-Ёрку
- 25.08.2026, 9:21
Легендарны баксёр мае асабістую сувязь з Украінай.
Зорка боксу Майк Тайсан прыцягнуў увагу сваім нарадам на парадзе зорак сусветнага боксу. 60-гадовы былы чэмпіён свету ў цяжкай вазе выбраў для мерапрыемства ўкраінскую вышыванку. На гэта звярнуў увагу Dialog.UA.
Кадры Тайсана ў вышыванцы выклікалі ажыятаж у украінскім сегменце сацыяльных сетак. Заўважым, што ў легендарнага баксёра ёсць асабістая сувязь з Украінай. У дзяцінстве яго выхоўвала ўкраінка Камілла Эвальд, якая нарадзілася ў Цярнопальскай вобласці.
Эвальд была грамадзянскай жонкай і партнёркай знакамітага трэнера Каса Д’Амато. Менавіта ён адыграў велізарную ролю ў станаўленні Тайсана як прафесійнага баксёра. У 1981 годзе Д’Амато і Эвальд афіцыйна ўсыновілі Майка Тайсана. Яго біялагічная маці на той момант ужо не магла належным чынам даглядаць за сынам.
Пад кіраўніцтвам Д’Амато і пры падтрымцы Эвальд Тайсан пачаў свой шлях у боксе. З цягам часу ён стаў адным з самых вядомых цяжкавагавікоў у гісторыі.
Тайсан таксама публічна выказваўся ў падтрымку Украіны пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання. У чэрвені 2022-га ён запісаў відэазварот да ўкраінцаў і сказаў: «Украінскі народ, я з вамі!»
У тым жа месяцы Тайсан гаварыў пра вайну ў эфіры амерыканскага тэлевядучага Алекса Джонса. Па словах баксёра, тое, што адбываецца, стала «вайной чалавецтва». Ён таксама адзначаў, што Расія прайграе ў інфармацыйным супрацьстаянні.