Пайшла з жыцця легенда кантры-музыкі Долі Партан
- 25.08.2026, 22:10
Прэзідэнт ЗША даручыў на тыдзень прыспусціць сцяг ва ўсіх штатах.
Амерыканская спявачка, кампазітарка і ікона кантры-музыкі Долі Партан памерла на 81-м годзе жыцця. Пра гэта паведаміў яе пляменнік Браян Сівер у Instagram.
Паводле слоў Сівера, Долі Партан шмат гадоў таму папрасіла менавіта яго абвясціць пра сваю смерць.
«Я быў кіраўніком яе службы бяспекі больш за два дзесяцігоддзі, да мяне гэтую пасаду займаў мой бацька Лэры. І я ўяўляў сабе цяжар гэтай хвіліны, але па-сапраўднаму не адчуў яго дагэтуль», — прызнаўся ён.
У верасні 2025 года Долі Партан адмяніла свой канцэрт з-за інфекцыі, а ў маі 2026 года — рэзідэнцыю ў Лас-Вегасе.
21 жніўня Партан падзялілася навінамі пра сваё здароўе, адзначыўшы, што яе стан пагоршыўся ў сакавіку 20205 года — пасля смерці яе мужа Карла Дына.
Долі Партан з'яўляецца самай прадавальнай выканаўцай кантры-музыкі ўсіх часоў — яна прадала больш за 160 мільёнаў альбомаў па ўсім свеце. Спявачка праславілася сваімі хітамі «Jolene» і «I Will Always Love You». За сваю кар'еру яна 25 разоў дасягала першага радка кантры-чартаў часопіса Billboard, заваявала мноства ўзнагарод, у тым ліку 10 прэмій Грэмі. Яна стала адной з нешматлікіх спявачак, удастоеных хаця б адной намінацыі на кожную з прэмій EGOT (Эмі, Грэмі, «Оскар» і «Тоні»).
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп даручыў прыспусціць нацыянальны сцяг на ўсёй тэрыторыі краіны на адзін тыдзень пасля паведамленняў пра смерць спявачкі. Ён назваў яе адной з найвялікшых кантры-спявачак.
«Гэта сапраўдная страта для мільёнаў людзей. Такіх, як яна, ніколі не было і не будзе. У яе гонар я прыспускаю амерыканскі сцяг на тэрыторыі Злучаных Штатаў на адзін тыдзень, пачынаючы з сённяшняга вечара а 18:00. Спачывай з мірам, Долі!» — напісаў Трамп у Truth Social.