Малдаванін спрабаваў вывезці жанчыну з Беларусі ў надзіманым матрацы
- 26.08.2026, 21:36
Фотафакт.
На пункце пропуску «Брузгі» памежнікі і мытнікі выявілі незвычайны спосаб незаконнага перасячэння мяжы: 34-гадовы грамадзянін Малдовы схаваў жанчыну ўнутры надзіманага матраца, спрабуючы правезці яе праз мяжу ў аўтамабілі Audi, які накіроўваўся ў Германію. Пра гэта паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт.
Увагу супрацоўнікаў прыцягнулі падазроныя паводзіны кіроўцы падчас гутаркі ў «чырвоным калідоры» — гэта і стала падставай для больш пільнай праверкі транспартнага сродку з прымяненнем сканавальнага абсталявання.
Менавіта сканаванне паказала, што ўнутры матраца, які ляжаў у салоне машыны, знаходзіцца чалавек.
Як пазней растлумачылі самі маладыя людзі, да такога спосабу яны звярнуліся з-за таго, што ў жанчыны не было замежнага пашпарта, неабходнага для законнага перасячэння мяжы.
Паколькі ў дзеяннях пары ўгледзелі прыкметы складу злачынства па артыкуле 371-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі, усе матэрыялы па справе перададзеныя органам памежнай службы для далейшага разгляду.