Сотні турыстаў прапалі без вестак у Непале
- 26.08.2026, 23:45
Ад паводкі загінулі прынамсі 157 чалавек.
У Непале паблізу ад мяжы з Тыбетам у выніку паводкі загінулі прынамсі 157 чалавек. Сотні — у тым ліку 466 замежных турыстаў — лічацца зніклымі без вестак. Паводка прывяла да разбурэнняў і ў падкантрольным Кітаю Тыбеце, паведамляе BBC.
Паводле дадзеных непальскай паліцыі, без вестак лічацца 579 турыстаў, у тым ліку 466 замежнікаў з 28 розных дзяржаў. Сярод зніклых — 113 непальцаў, 54 грамадзяніны ЗША і 33 брытанцы.
Сярод зніклых без вестак — восем грамадзянаў Паўднёвай Карэі, якія працавалі на будаўніцтве гідраэлектрастанцыі ў рэгіёне Расува, перадае Yonhap. Яшчэ 10 карэйцаў не могуць выбрацца з рэгіёна і чакаюць выратавальнікаў.
Кітайскі бізнесовец І Лён, які жыве ў сталіцы Непала Катманду, распавёў BBC, што сем кантэйнерных грузавікоў ягонай кампаніі знаходзяцца ў раёне паводкі, сувязь з супрацоўнікамі страчана.
Паводле ягоных слоў, папярэджанняў пра стыхійнае бедства не было. «Часам тут бываюць селявыя патокі і апаўзні, асабліва ў сезон дажджоў, але гэта, падаецца, значна больш сур'ёзнае», — сказаў прадпрымальнік.