BE RU EN

Ва Украіне хочуць перагледзець каменданцкую гадзіну

  • 29.08.2026, 20:35

Прэм’ер-міністр анансаваў змены з-за новай тактыкі РФ.

Урад Украіны плануе перагледзець падыходы да каменданцкай гадзіны і даступу грамадзян да аператыўнай інфармацыі пра паветраныя пагрозы. Пра гэта прэм’ер-міністр Украіны Сяргей Карэцкі паведаміў у Telegram. Пры гэтым ён не ўдакладніў, якія менавіта змены прадугледжваюцца.

Паводле яго слоў, неабходная адаптацыя працы дзяржавы, сталіцы, эканомікі і крытычнай інфраструктуры да новай тактыкі расійскіх атак.

«Працяглыя паветраныя трывогі ўплываюць не толькі на бяспеку людзей, але і на працу прадпрыемстваў, лагістыку, транспарт, школы, дзіцячыя сады і іншыя сферы жыцця. Вораг спрабуе паралізаваць эканамічную актыўнасць у сталіцы і буйных гарадах, таму і нашы падыходы і алгарытмы рэагавання павінны мяняцца», – адзначае кіраўнік урада.

Ён таксама паведаміў, што ўрад працуе над рашэннямі, якія датычацца дзейнасці прадпрыемстваў і ўстаноў ва ўмовах розных тыпаў небяспекі, арганізацыі лагістыкі і транспарту, працы метро і іншых аб’ектаў інфраструктуры з мэтай забеспячэння лепшай абароны людзей і магчымасці жыць у нашых гарадах і супольнасцях.

«Асобна плануем перагледзець падыходы да каменданцкай гадзіны і даступу грамадзян да аператыўнай інфармацыі пра паветраныя пагрозы – без дадатковых рызык для бяспекі», – адзначыў Карэцкі.

Ён паведаміў, што неабходныя прапановы плануецца сфарміраваць на пачатку наступнага тыдня, прадставіць іх грамадскасці і прыступіць да іх рэалізацыі.

Апошнія навіны