Польскія памежнікі выявілі 863 беларусаў, якія нелегальна знаходзіліся ў краіне
- 3.08.2026, 11:45
Статыстыка Памежнай службы.
У I паўгоддзі 2026 года Памежная служба Польшчы выявіла 863 грамадзян Беларусі, якія нелегальна знаходзіліся ў краіне. Гэта на 23,5% больш, чым за той жа перыяд 2025 года — тады памежнікі выявілі 699 беларусаў без права знаходжання, вынікае са статыстыкі Памежнай службы, якую вывучыў MOST.
Большасць выпадкаў нелегальнага знаходжання (562) выявілі на мяжы. Гэта значыць, што беларусы з пратэрмінаванымі візамі або відамі на жыхарства (ВНЖ) самі прыязджалі на памежныя пераходы, каб выехаць з краіны. Згодна з дзейнай працэдурай памежнікі ўсё адно афармляюць ім прадпісанне пакінуць Польшчу — і такія выпадкі трапляюць у статыстыку.
Пераважна людзі без легальнага статусу выязджаюць на радзіму: 548 беларусаў трапілі ў поле зроку памежнікаў на мяжы з Беларуссю (пераважна ў Тэрэспалі), яшчэ 40 — на мяжы з Украінай, 4 — з Расіяй і 4 — у аэрапортах.
Унутры краіны Памежная служба выявіла 301 беларуса, у якіх не было законных падстаў знаходзіцца ў краіне, — на 39,4% больш, чым за той жа перыяд 2025 года.
За паўгода 561 грамадзянін Беларусі выехаў з Польшчы, выконваючы прадпісанне пакінуць краіну. У I паўгоддзі 2025 года такіх было 654.
Нелегальная праца
А вось выпадкі нелегальнага працаўладкавання беларусаў памежнікі выяўлялі радзей, чым годам раней: за паўгода — 386 чалавек супраць 421 у I паўгоддзі 2025 года.
Фальшывыя дакументы
Часам беларусы выкарыстоўваюць падробленыя дакументы, каб перайсці мяжу або нелегальна жыць у Польшчы. За паўгода зафіксавалі 47 такіх выпадкаў: 39 разоў прад’яўлялі падробленыя візы, па адным разу — пашпарт і дакумент на знаходжанне, шэсць разоў — іншыя дакументы.