BE RU EN

Памерла Мая Кляшторная — дачка расстралянага ў 1937 годзе паэта Тодара Кляшторнага

  • 3.08.2026, 16:42

Ёй было 89 гадоў.

У 89-гадовым узросце памерла Мая Кляшторная, дачка расстралянага ў 1937 годзе паэта Тодара Кляшторнага, перадае «Радыё Свабода».

Мая нарадзілася ў маі 1937 года, яе бацьку расстралялі праз чатыры месяцы ў ноч з 29 на 30 кастрычніка разам з больш як ста прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі таго часу.

Праз некаторы час была арыштаваная і яе маці, Яніна Германовіч. Разам з дачкой яе накіравалі ў лагер жонак «здраднікаў Радзімы» ў Казахстане. Дзяцінства Маі прайшло ў лагеры, а таксама ў спецпрыёмніку НКВД і ў высылцы ў Сібіры. У Беларусь яна змагла вярнуцца толькі ў 18 гадоў.

Мая атрымала архітэктурную адукацыю, пачала даследаваць тэму сталінскіх рэпрэсій і ўвекавечання памяці іх ахвяр. Была адной з заснавальніц праекта «Мартыралог Беларусі». Актыўна выступала за стварэнне і захаванне мемарыялу расстраляным паэтам у Курапатах.

Апошнія навіны