Кітай б'е па яшчэ адным сектары эканомікі РФ
- 3.08.2026, 16:50
Улады, паводле слоў бізнесу, праблему амаль не заўважаюць.
Расійскі бізнес скардзіцца на новую праблему, якую ўлады і дзяржаўныя СМІ амаль не абмяркоўваюць: кітайскія кампаніі ўсё больш актыўна заходзяць на рынак грузаперавозак РФ і дэмпінгуюць цэны. Паводле слоў удзельнікаў рынку, расійскія перавозчыкі не вытрымліваюць такой канкурэнцыі і вымушаныя закрывацца.
«Пакуль усе абмяркоўваюць маркетплейсы, на рынку грузаперавозак адбываецца сапраўдная драма. Кітайскія перавозчыкі агрэсіўна заходзяць на наш рынак і дэмпінгуюць цэны амаль у два разы. Нашы транспартныя кампаніі такой канкурэнцыі не вытрымліваюць і вымушаныя закрывацца адна за адной.
У такіх умовах канкурэнцыя практычна немагчымая.
Але праблема не толькі ў цане. Яны ўжо пачынаюць вазіць грузы ўнутры Расіі: ствараюць свае дыспетчарскія службы, будуюць гатэлі для кіроўцаў і выбудоўваюць уласную лагістычную сетку. Многія лічаць, што адзіны спосаб выратаваць рынак — гэта перагрузка тавару проста на мяжы ў расійскія фуры. Але ўлады праблему нібыта не заўважаюць», — заявіў расійскі кіроўца.
Галоўная прычына — розніца ў кошце тэхнікі і фінансавання. Паводле прадстаўнікоў галіны, новы цягач у Кітаі каштуе каля 3,5 млн рублёў, а ў Расіі аналагічная машына — больш за 9 млн рублёў. Лізінг у Кітаі можа складаць каля 3%, тады як у Расіі ён дасягае 30%.
У такіх умовах канкурэнцыя практычна немагчымая, прызнаюць перавозчыкі.
Спачатку кітайскі аўтапрам заняў пазіцыі, што вызваліліся пасля сыходу заходніх брэндаў, потым кітайскія пастаўшчыкі сталі ўсё больш важнымі для прамысловасці і гандлю, а цяпер ціск пераходзіць у лагістыку. Кітайскі бізнес выкарыстоўвае слабасць расійскай эканомікі, дарагія крэдыты і наступствы вайны, заходзячы ў галіны, дзе мясцовыя кампаніі ўжо не могуць канкурыраваць на роўных.