BE RU EN

Афрыканскі зной насоўваецца на Беларусь

  • 3.08.2026, 18:23

Хутка будзе +40.

Сіноптыкі папярэдзілі беларусаў адразу пра два ўзроўні небяспекі на бліжэйшыя дні. У краіну ідуць спякота і моцныя навальніцы, паведаміў Белгідрамет.

Штармавое папярэджанне з чырвоным узроўнем небяспекі аб’яўлена з-за спякоты — на поўдні краіны 4 жніўня чакаецца +35…36°С, а далей будзе толькі гарачэй. Да 6 жніўня «у многіх раёнах рэспублікі максімальная тэмпература паветра дасягне +35…40°С, месцамі +30…34°С».

Аранжавы ўзровень пакуль аб’яўлены толькі на 4 жніўня — уначы і раніцай на захадзе краіны чакаюцца навальніцы, месцамі пры навальніцах моцныя ліўні і шквалістае ўзмацненне ветру парывамі 15–20 м/с.

Сіноптыкі адзначалі, што на пачатку жніўня беларусаў чакае сапраўдны афрыканскі зной:

«Спякотнае надвор’е будзе абумоўлена Азорскім антыцыклонам, які перамясціўся з Заходняй Еўропы на Балканскі паўвостраў, стаўшы прычынай паступлення трапічных паветраных мас з поўначы Афрыкі ў Цэнтральную Еўропу. Беларусь у гэты час будзе знаходзіцца на паўночнай перыферыі гэтага абшырнага антыцыклону».

У цэлым прагноз на пачатак тыдня выглядае так:

4 жніўня — пераменная воблачнасць, уначы і раніцай на захадзе кароткачасовыя daжджы і навальніцы, месцамі пры навальніцах моцныя ліўні, удзень пераважна па паўднёва-заходняй палове кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах навальніцы. Уначы +11…17°С, месцамі +8...10°С, у асобных раёнах на поўдні +18…+0°С, максімум удзень ад +24°С на поўначы да +36°С на поўдні.

5 жніўня — пераменная воблачнасць, пераважна без ападкаў, толькі ўначы месцамі на паўднёвым усходзе краіны кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Уначы +13…19°С, у паўднёвых раёнах да +22°С; удзень ад +28°С на поўначы да +38°С на поўдні.

6 жніўня — прыход анамальна цёплых і неўстойлівых паветраных мас з паўднёва-захаду Еўропы, кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Уначы +16…23°С, удзень +35…40°С, месцамі +29…34°С.

Дарэчы, Белгідрамет прагназуе, што ў Беларусі з-за чаканай анамальнай спякоты на пачатку жніўня можа знізіцца ўзровень вады ў рэках. Пры гэтым у асобных вадаёмах — да мінімальных значэнняў за ўвесь перыяд назіранняў.

Апошнія навіны