BE RU EN

Пажары на складах Wildberries ўдарылі па беларускіх прадаўцах

  • 3.08.2026, 18:40

Бізнес просіць чыноўнікаў дапамагчы.

Беларускі бізнес звярнуўся па дапамогу да чыноўнікаў з-за праблемы «вельмі істотнага маштабу для эканомікі» у выніку пажараў на складах Wildberries у Расіі. Яны просяць чыноўнікаў садзейнічаць вырашэнню, у тым ліку дыпламатычным шляхам. Пра гэта паведамляе Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў.

Паводле даных прадпрымальніцкіх аб’яднанняў, наступствы інцыдэнтаў могуць закрануць больш за 22 тыс. беларускіх кампаній і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія захоўваюць сваю прадукцыю на аб’ектах Wildberries у Расіі.

У звароце, накіраваным у Міністэрства эканомікі Беларусі, гаворыцца, што шкода для беларускіх прадаўцоў яшчэ толькі ацэньваецца, аднак ужо цяпер яе называюць значнай. Прадстаўнікі бізнесу сцвярджаюць, што маркетплэйс адмаўляецца кампенсаваць кошт страчаных тавараў, спасылаючыся на форс-мажорныя абставіны.

У той жа час прадпрымальнікі лічаць такую пазіцыю неабгрунтаванай. Яны адзначаюць, што перадавалі прадукцыю беларускай юрыдычнай асобе Wildberries — ТАА «ІМВБРБ», якая самастойна вызначала склады для захоўвання тавараў і заключала дагаворы з расійскімі лагістычнымі цэнтрамі. На думку аўтараў звароту, адказнасць за захаванасць прадукцыі павінна несці менавіта кампанія.

«Беларускія суб'екты гаспадарання-прадаўцы не маюць ніякай магчымасці ўплываць на захаванасць сваіх тавараў на складах маркетплэйса Wildberries у Расійскай Федэрацыі», — гаворыцца ў дакуменце.

Паводле інфармацыі бізнес-супольнасці, 29 ліпеня пацярпелыя прадаўцы, прадстаўнікі профільных аб’яднанняў і юрысты абмеркавалі далейшыя дзеянні, уключаючы магчымасць калектыўнага судовага іску.

Аўтары звароту таксама прапануюць Мінэканомікі правесці спецыяльную нараду з удзелам зацікаўленых бакоў, ацаніць маштабы шкоды і выпрацаваць меры падтрымкі пацярпелых прадпрымальнікаў. Акрамя таго, яны просяць улады разгледзець магчымасць перамоваў з Wildberries «на ўзроўні вышэйшага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, у тым ліку дыпламатычным шляхам».

Раней паведамлялася, што серыя атак закранула каля дзясятай часткі лагістычных магутнасцяў Wildberries у Расіі. Паводле заяў украінскага боку, аб’ектамі ўдараў сталі склады, на якіх, акрамя грамадзянскай прадукцыі, захоўваліся тавары ваеннага прызначэння, уключаючы асартымент з раздзела «Усё для СВА».

Апошнія навіны