BE RU EN

Росквіт ВКЛ: як князь Лугвень далучыў да беларускай дзяржавы Ноўгарад, Вязьму і Смаленск

  • 30.08.2026, 13:29

Сын вялікага князя Альгерда пашырыў усходнія рубяжы нашай дзяржавы.

Лугвень Альгердавіч, сын вялікага князя літоўскага Альгерда і цвярской князёўны Ульяны, нарадзіўся прыкладна ў 1355 годзе, пасля хрышчэння атрымаў імя Сямён. Упершыню яго імя згадваецца ў летапісах у 1379 годзе, калі ён разам з іншымі князямі падпісаў мірны дагавор з Тэўтонскім ордэнам. У 1385 годзе Лугвень Альгердавіч разам са сваім братам Ягайлам і іншымі князямі падпісаў таксама знакамітую Крэўскую ўнію. У 1386 годзе ўдзельнічае ў бітве пад Мсціславам супраць вялікага князя смаленскага Святаслава Іванавіча, піша сайт vklby.com.

З 1389 па 1392 год Лугвень Альгердавіч быў князем у Вялікім Ноўгарадзе. У гэты перыяд ён таемна ад новгарадцаў прысягнуў Ягайлу як сюзерэну Ноўгарада. У 1390 годзе паспрабаваў далучыць Ноўгарад да Пскова, а ў 1391 годзе пад Арэшкам разбіў ганзейскіх піратаў-вітальераў.

Калі князь вярнуўся ў Літву, ён атрымаў ад Ягайлы ў кіраванне Мсціслаўскае княства і пачаў весці паспяховыя ваенныя дзеянні на ўсходняй мяжы. У 1396 годзе ён разбіў войскі разанскага князя Алега. Праз шэсць гадоў, у 1402 годзе, зноў разбіў разанцаў пад Любуцкам, пры гэтым узяўшы ў палон князя Радзіслава Алегавіча. У наступным, 1403 годзе, узяў Вязьму, праз год — Смаленск і далучыў да ВКЛ Варатынск. Зноў быў запрошаны на княжанне ў Ноўгарад, дзе прабыў да 1412 года, адначасова з’яўляючыся намеснікам вялікага князя літоўскага Вітаўта ў Смаленску.

Паблізу Мсціслава ў 1407 годзе заснаваў Ануфрыеў манастыр, які славіўся перапісваннем кніг і рукапісаў (на сённяшні дзень на месцы манастыра засталіся толькі руіны).

Разам з ноўгарадскай дружынай Лугвень Альгердавіч удзельнічаў у Грунвальдскай бітве ў 1410 годзе. Падчас бою ўзначаліў мсціслаўскую, аршанскую і смаленскую харугвы Літвы. Быў пастаўлены ў цэнтры саюзнага войска паміж палкамі ВКЛ і Польшчы; ягонай задачай было прыкрыць фланг польскага войска падчас удаванай адступкі войскаў Літвы. Крывавай цаной у крытычны момант ягоныя харугвы стрымалі націск крыжакоў і дазволілі польскім войскам перабудавацца і пайсці ў контрнаступленне.

У 1411 годзе ўзяў удзел у падпісанні Торуньскага міру. У гэты ж перыяд абараняў Ноўгарад ад шведскай агрэсіі і заключыў дамову з Ягайлам супраць крыжакоў. З-за інтрыгаў маскоўскага княства зноў быў вымушаны пакінуць Ноўгарад і вярнуцца ў Мсціслаў.

У 1430 годзе прыняў удзел у міжусобнай вайне за трон ВКЛ на баку Свідрыгайлы супраць Сігізмунда Кейстутавіча.

Памёр Лугвень Альгердавіч у 1431 годзе ў Мсціславе, стаўшы родапачынальнікам мсціслаўскіх князёў і пакінуўшы пасля сябе двух сыноў — Юрыя і Яраслава.

17 верасня 2010 года на замкавай гары ў Мсціславе ў гонар князя Лугвеня Альгердавіча ўстанавілі памятны камень з надпісам «Сямёну Лугвеню Альгердавічу, родапачынальніку князёў мсціслаўскіх, герою Грунвальдскай бітвы, будаўніку праваслаўных святынь».

Апошнія навіны