Гора ад розуму ў беларускіх калгасах
- 4.08.2026, 8:58
Здаецца, мілітарызацыя сельскай гаспадаркі натхняе чыноўнікаў.
Кіраўнік Гродзенскай вобласці з энтузіязмам успрыняў распараджэнне кіраўніка накіроўваць на ваенныя зборы тых, хто ўхіляецца ад барацьбы за ўраджай, і нядбайных чыноўнікаў, піша «Салідарнасць».
Дзве тыдні таму Юрый Караеў паставіў перад падначаленымі задачу ўзяцца за тых, «хто не здольны арганізаваць уборачную кампанію, сабатуе, раскрадае дзяржаўную маёмасць, не хоча працаваць».
А таксама прыструніць тых, хто не разумее, што «мы ўсе мабілізаваныя на мірную працу», бо «уборачная — наш гарачы фронт».
І вось ужо на пачатку жніўня генерал міліцыі з шырокай усмешкай распавядае праўладнай прэсе пра сабраныя па ўсёй вобласці два-тры дзясяткі «раскрадальнікаў нашай сацыялістычнай уласнасці» і пра тых, хто не хоча ўпірацца на жніве ад світання да змяркання.
Не адстае ад Юрыя Караева і Канстанцін Бурак, інспектар па Гродзенскай вобласці, які часта складае яму кампанію ў паездках па рэгіёне. Мэту гэтых інспекцый ён акрэсліў так:
Дзяржавай прыцягнутыя на ўборачную велізарныя матэрыяльныя рэсурсы. Галоўнае цяпер — забяспечыць іх граматнае рацыянальнае выкарыстанне, а таксама канцэнтрацыю людзей, незалежна ад займаемых імі пасадаў, на выкананні пастаўленых задач.
«Гору ад розуму» не павінна быць месца, і дзейсныя прышчэпкі ад падобнай хваробы ў нас падрыхтаваныя.
Дык як жа чыноўнікі змагаюцца з гэтым самым горам ад розуму?
Абодва рэгулярна наведваюць гаспадаркі, дзе «кантролююць ход уборачнай», «вывучаюць абстаноўку ў палях і сельгасаб’ектах», «ацэньваюць выкананне задач і даручэнняў».
І калі раней такія інспекцыі нярэдка суправаджаліся крытыкай і вымовамі, то цяпер справаздачы пра ўбачанае на месцах усё часцей выпраменьваюць пазітыў: «Агульная выснова — палі з азімым рапсам і кукурузай дагледжаныя, работа наладжаная. Губернатар пераканаўся ў гэтым асабіста, праехаўшы за рулём камбайна». (З справаздачы пра інспекцыю СПУ «Пратасоўшчына» Шчучынскага раёна).
Ні экс-міністра МУС Караева, ні выпускніка Маскоўскага вайсковага вучылішча КДБ і былога супрацоўніка Савета бяспекі Бурака, падаецца, не бянтэжыць той факт, што ім з разумнымі тварамі даводзіцца зазіраць у рухавік камбайна і запускаць рукі ў падсушаны рапс, не маючы профільнай адукацыі і досведу.
Пры гэтым кіраўнік вобласці і сам прызнае, што далёкі ад вясковых клопатаў: «Вось паказваюць, як рапс або якая іншая культура ачышчаецца, праходзіць праз сушку, дзе насенная культура, дзе яравыя, дзе азімыя разам не складаюць, вось так вось вучаць, у тым ліку і старшыню аблвыканкама, як гэта робіцца. Вось кругагляд свой павышаю».
І не толькі кругагляд, але і аратарскія здольнасці, калі меркаваць па публікацыях прэс-службы аблвыканкама. Напрыканцы — некалькі цытат:
«Вёска — аснова ежы і жыцця. Ваша задача — не проста адсправаздачыцца, а зрабіць так, каб па вуліцах хадзілі жанчыны з каляскамі. Каб школа не пуставала, ферма не пустэла, а людзі бачылі: тут можна нармальна жыць, працаваць і выхоўваць дзяцей», — сказаў Караеў.
«Для абласнога каравая галоўныя людзі — гэта тыя, хто працуе на зямлі. У вас душа на вёсцы, у вас душа з тэхнікай. Дзякуй вам за вашу працу!», — кажа Караеў.
«Наша задача — каб быў своечасовы падвоз запчастак, усё працавала вакол яго, як вакол Шумахера. Ён павінен быць усім забяспечаны. І як толькі вільготнасць прайшла — з 10 раніцы і да глыбокай ночы», — цытуюць Караева дзяржаўныя СМІ.