Праект айчыннага расійскага тэлевізара скончыўся фіяска
- 4.08.2026, 13:51
«Квант» — банкрут.
Арбітражны суд Масквы прызнаў банкрутам ТАА «Квант» — кампанію, якая была адзіным расійскім вытворцам тэлевізараў, уключаным у рэестр радыёэлектроннай прадукцыі Мінпрамгандлю, піша «Коммерсант». Рашэнне было прынята па іску групы DNS, перад якой «Квант» запазычыў больш за 600 млн рублёў. У справу аб банкруцтве ўступілі яшчэ 24 крэдыторы. Агульная сума патрабаванняў да кампаніі дасягнула каля 4,15 млрд рублёў. Сярод крэдытораў — структуры «Яндэкса», «Сбера», Sitronics Group, Ozon, «Северсталі» і кітайскай TCL.
ТАА «Квант» было зарэгістравана ў 2016 годзе ў Зяленаградзе і займалася зборкай тэлевізараў пад брэндам Irbis. Вытворчасць вялася на пляцоўках у Варонежы і Зяленаградзе. Там раней знаходзіўся савецкі завод «Квант», які выпускаў электронную тэхніку.
Крызіс кампаніі пачаўся ў 2024 годзе. З-за санкцыйных рызык TCL спыніла пастаўкі камплектуючых расійскім кантрактным вытворцам, у выніку чаго «Квант» страціў заказы на зборку тэлевізараў TCL і Xiaomi. Дадатковым ударам стала падзенне попыту на тэлевізары Irbis — вясной 2025 года вытворчасць усіх мадэляў была спыненая. Фінансавае становішча кампаніі рэзка пагоршылася: выручка скарацілася з 13,1 млрд рублёў у 2023 годзе да 4,9 млрд рублёў у 2024 годзе. У 2025 годзе паказчык знізіўся яшчэ мацней — да 45 млн рублёў, а кампанія атрымала страту ў 387 млн рублёў.
Удзельнікі рынку звязвалі праблемы «Кванта» з высокай канкурэнцыяй. Паводле ацэнкі дырэктаркі дэпартамента КБТ «Марвел-Дыстрыбуцыі» Ларысы Сенінай, доля прадукцыі завода на расійскім рынку тэлевізараў складала каля 10–15%. Пры гэтым кампанія сутыкалася з цяжкасцямі ў канкурэнцыі з замежнымі вытворцамі нават у сегменце дзяржзакупак. Дырэктар дэпартамента бытавой электронікі OCS Уладзіслаў Бародзін адзначаў, што тэлевізары Irbis было цяжка прасоўваць у рознічным гандлі з-за высокага кошту ў параўнанні з канкурэнтамі. Паводле яго слоў, аб'ёмаў продажаў у карпаратыўным і дзяржаўным сегментах аказалася недастаткова. Прадстаўнік DNS адзначаў, што ўключэнне тэлевізараў у рэестр Мінпрамгандлю патрабуе ад вытворцаў значных выдаткаў, але сам статус не гарантуе стабільнага попыту.
Прадпрыемства спрабавалі выратаваць, і сярод магчымых варыянтаў разглядаліся змена ўласніка і продаж бізнесу. У якасці патэнцыйных інвестараў называліся NexTouch, «Сбер» і «Яндэкс». Вясной 2026 года з'явілася інфармацыя пра магчымы ўваход NexTouch у капітал кампаніі і аднаўленне паставак камплектуючых. Аднак завяршыць здзелку і аднавіць дзейнасць «Кванта» не ўдалося.