Ракета SpaceX можа сутыкнуцца з Месяцам ужо праз некалькі гадзін
- 4.08.2026, 17:18
Магутнасць удару будзе эквівалентам выбуху трох тон тратылу.
Ужо 5 жніўня верхняя ступень ракеты Falcon 9 кампаніі SpaceX сутыкнецца з паверхняй Месяца пасля амаль 19 месяцаў палёту. Удар не быў запланаваны, аднак цяпер вучоныя разлічваюць выкарыстаць яго для атрымання новых звестак пра будову натуральнага спадарожніка Зямлі, піша TIME (пераклад — сайт Charter97.org).
Ступень ракеты вывела да Месяца пасадачныя апараты Blue Ghost кампаніі Firefly Aerospace і японскі Resilience ад ispace, а затым павінна была з цягам часу згарэць у атмасферы Зямлі. Аднак гэтага не адбылося — аб’ект выйшаў на арбіту, якая паступова прывяла яго да Месяца.
Астраном Біл Грэй яшчэ вясной разлічыў траекторыю і прадказаў, што сутыкненне адбудзецца паблізу кратэра Эйнштэйна на адваротным баку Месяца. Паводле яго ацэнак, ракета масай каля 45 тон урэжацца ў паверхню на хуткасці амаль 8 700 км/гадзіну.
Магутнасць удару будзе прыблізна эквівалентная выбуху трох тон выбухоўкі. «Сам удар, верагодна, не будзе бачны з Зямлі. Затое воблака выкінутай пароды цалкам можа аказацца прыкметным», — піша Грэй. Некаторыя камп’ютарныя мадэлі мяркуюць, што слуп пылу здольны падняцца на вышыню да 100 кіламетраў.
За наступствамі сутыкнення будзе назіраць арбітальны апарат NASA Lunar Reconnaissance Orbiter. Ён сфатаграфуе месца падзення і дазволіць вызначыць памеры новага кратэра, які, паводле прагнозаў, перасягне 15 метраў у дыяметры.
Падобныя сутыкненні ўжо адбываліся ў часы праграмы «Аполон», калі ступені ракет спецыяльна накіроўвалі на Месяц для вывучэння яго ўнутранай будовы. Цяпер выпадковы ўдар SpaceX таксама можа даць навукоўцам каштоўную інфармацыю пра геалогію і гравітацыю спадарожніка Зямлі.