BE RU EN

Пуцін рыхтуе «бусіфікацыю» ўсёй Расіі

  • Дзяніс Паповіч
  • 4.08.2026, 17:35

Расіянам рыхтуюць мабілізацыю без павестак і абяцаных выплат.

Многія пытаюцца ў мяне, якой будзе магчымай расійская мабілізацыя восенню гэтага года.

Цяпер я атрымаў дакладны адказ на гэтае пытанне.

Паглядзіце на падзеі ў Пензе. Расійскія СМІ, напрыклад, «Дождь», паведамляюць, што ў Пензе «бусіфікацыю» пачалі праводзіць людзі ў цывільным. Не вайскоўцы, не паліцыя, а менавіта найманыя цывільныя асобы, якія ловяць людзей на вуліцах або нават выцягваюць іх з уласных дамоў, сілай саджаюць у мікрааўтобусы, а пасля «бусіфікаваныя» аказваюцца на фронце ва Украіне.

«Падпісанне кантракта» адбываецца ў ваенкамаце, а ў мікрааўтобусаў ёсць дзяржаўныя нумары, якія ўказваюць на прыналежнасць да мясцовых адміністрацый.

Але любыя скаргі ў гэтыя структуры або на гэтыя структуры застаюцца без адказу. На каго скардзіцца? На незнаёмца ў цывільным, які прадставіўся ўчастковым інспектарам, выманіў цябе з кватэры, а потым цябе скруціў натоўп «спарцікаў». Хто гэтыя людзі? Як ты дакажаш, што яны дзейнічаюць ад імя дзяржавы і фактычна цябе выкралі? Ніяк.

То бок у Пензе цяпер адпрацоўваецца любімая расійская мадэль «нас там няма», але ўжо адносна схаванай мабілізацыі ўласных грамадзян на вайну.

Насамрэч гэта вельмі зручна. Нейкія мужчыны хапаюць людзей на вуліцах, кідаюць у бусы, вязуць у ваенкамат. Там пад фізічным уздзеяннем прымушаюць падпісаць кантракт, пасля чаго чалавек аказваецца на фронце. Ніякіх павестак і ніякіх выплат. Менавіта так і працуе «пензенскі выпадак».

Калі досвед будзе прызнаны ўдалым, а ніякіх гучных пратэстаў у Пензе пакуль не назіраецца, гэтую практыку распаўсюдзяць на іншыя рэгіёны Расіі.

Гэта адбудзецца пасля выбараў. Яны, па сутнасці, парламенцкія. Але Пуцін зрабіў сябе тварам перадвыбарнай кампаніі партыі «Адзіная Расія». Фактычна гэта не выбары, а рэферэндум за працяг вайны. А вайна — гэта мабілізацыя. Калі вынікі задаволяць Пуціна (мала сумневаў, што падлік будзе «правільны»), у Крамлі палічаць, што індульгенцыя атрымана.

Паводле такой мадэлі можна набраць і 300, і 500 тысяч салдат. Танней плаціць бандытам, якія будуць вылаўліваць людзей на вуліцах, чым мільёны за добраахвотны кантракт. Такім чынам і мабілізацыя будзе таннейшай, і біямасу наберуць, і дзяржава асабліва не заморыцца.

Ці будзе нейкая рэакцыя ад простых расіян? Не ведаю. Ці будзе такая армія эфектыўная? Не, не будзе. Але ці будзе яна небяспечная? Так, будзе. У сітуацыі — або забіваеш ты, або забіваюць цябе — выбар відавочны. Тым больш, калі дома ў закладніках — твая сям'я.

Дзяніс Паповіч, Facebook

Апошнія навіны