Украінка: Беларусы — найлепшыя
- 4.08.2026, 17:58
Гэта людзі, якія хутка інтэгруюцца ў чужой краіне, шукаюць працу і вучаць мову.
Украінка alina_beznazwiska, якая працуе з бежанцамі з Беларусі, расказала ў Threads пра свае ўражанні ад нашых суайчыннікаў.
«Калі б мне сказалі назваць найлепшую нацыю, апроч маёй, я б выбрала беларусаў, — піша яна. — Я працую ў сферы сацыяльнай дапамогі за мяжой, маю найбольшы досвед працы з беларусамі са статусам бежанца і абаронай.
Гэта не тыя, хто скажа: «я па-за палітыкай, і мне ўсё адно». Гэта людзі, што сядзелі ў турме за сваю пазіцыю. Гэта людзі, у якіх вялікія тэрміны, але яны паспелі ўцячы. Гэта людзі, якія нічога не чакаюць і хутка інтэгруюцца, шукаюць працу і вучаць мову.
Яны не наракаюць, што ім цяжка, яны ў шоку, што ім увогуле належыць фінансавая дапамога і нешта даюць бясплатна.
Ім нельга ехаць дадому, таму яны робяць усё, каб знайсці свой дом тут, хоць гэта баліць. Я вельмі іх паважаю.
Я мела досвед працы з рознымі нацыямі, але гэтая ўразіла мяне больш за ўсё. Сустрэла чалавека, якога эвакуявалі з турмы ў Польшчу. Думала, што трэба неяк падрыхтавацца: чалавек можа быць траўмаваны, а ён сустракае мяне з шырокай усмешкай і не можа паверыць, што яму дапаможа іншая дзяржава».
Украінцы ў каментарыях падтрымалі сваю суайчынніцу, а беларусы падзякавалі за цёплыя словы.