Пуцін дазволіў пазбаўляць інвестараў, якія пакінулі Расію, права на выкуп акцый
- 4.08.2026, 20:22
Мера датычыцца здзелак, здзейсненых пасля 22 лютага 2022 года.
Дыктатар РФ Уладзімір Пуцін падпісаў закон, які дазваляе пазбаўляць замежных інвестараў права на зваротны выкуп акцый і доляў у расійскіх кампаніях. Мера датычыцца здзелак з інвестарамі з недружалюбных дзяржаў, здзейсненых пасля 22 лютага 2022 года. Дакумент апублікаваны на партале прававых актаў.
Адмовы ў выкананні апцыёнаў можна дамагчыся праз Арбітражны суд Маскоўскай вобласці. Ініцыяваць разгляд можа пакупнік актыву або профільнае міністэрства са згоды ўрадавой камісіі. Патрабаванне можна заявіць незалежна ад таго, ці звяртаўся замежны інвестар па выкуп.
Для спынення права дастаткова адной умовы з дзвюх груп: паводзіны інвестара (дыскрэдытацыя арміі, публічныя заявы пра прыпыненне дзейнасці) або фінансавыя параметры (адхіленне цаны ад рынкавай на 25% і больш або дадатковыя інвестыцыі пакупніка). Замежны інвестар цягам года можа атрымаць кампенсацыю, калі яго не прыцягнулі да адказнасці за фінансаванне тэрарызму або экстрэмізму. Памер выплаты вызначыць суд.