У палоне ва Украіне апынуліся грамадзяне 51 краіны
- 5.08.2026, 4:59
Яны ваявалі на баку РФ.
У палоне ва Украіне апынуліся грамадзяне 51 краіны, якія ваявалі на баку расійскай арміі. Гэты факт сведчыць пра маштабы прыцягнення іншаземцаў да вайны.
Пра гэта паведамляе Charter97.org са спасылкай на паведамленне ў Telegram упаўнаважанага Вярхоўнай Рады па правах чалавека Дзмітрыя Лубінца.
Адна з тэм, на якую Лубінец звярнуў асаблівую ўвагу на штогадовай нарадзе кіраўнікоў замежных дыпламатычных устаноў Украіны, — удзел іншаземцаў у вайне на баку Расіі.
«Іншаземцы з 51 краіны трапілі ў палон ва Украіне, ваюючы ў складзе арміі расійскіх акупантаў. Менавіта таму важна сумленна і адкрыта гаварыць са светам пра тое, што ўдзел у вайне на баку Расіі мае рэальныя прававыя наступствы», — падкрэсліў ён.
Амбудсмэн таксама нагадаў пра іншыя ключавыя гуманітарныя пытанні. У прыватнасці, ужо пацверджана 20 610 выпадкаў дэпартацыі і прымусовага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей. У межах ініцыятывы Bring Kids Back UA ўдалося вярнуць 2 425 дзяцей, з якіх 465 — пры садзейнічанні Офіса амбудсмэна.
Акрамя таго, тысячы ўкраінскіх цывільных і ваеннапалонных дагэтуль знаходзяцца ў расійскай няволі. Паводле слоў Лубінца, кожнае злачынства Расіі павінна быць належным чынам задакументавана, а вінаватыя — прыцягнутыя да адказнасці.