Axios: ЗША ўжо сёння рыхтуюцца абвясціць пра ўгоду па Армузскім праліве з Іранам
- 5.08.2026, 7:56
Угода прадугледжвае 60-дзённае пагадненне паміж Аманам і Іранам, якое можа быць працягнута.
ЗША, Іран і Аман блізкія да дасягнення прамежкавага пагаднення аб аднаўленні суднаходства праз Армузскі праліў. Вашынгтон плануе абвясціць пра ўгоду ўжо сёння, у сераду.
Пра гэта паведамляе Axios.
Па звестках дзвюх рэгіянальных крыніц, абмяркоўваная ўгода прадугледжвае 60-дзённае часовае пагадненне паміж Аманам і Іранам, якое можа быць працягнута.
У той жа час угода задаволіць некаторыя патрабаванні Ірана аб узмацненні кантролю над рухам суднаў у праліве, чаго да вайны не было. Дакумент прадугледжвае наступныя пункты:
увесь уваходны паток суднаў праз праліў у Персідскі заліў будзе ажыццяўляцца па паўночным маршруце праз іранскія воды;
увесь выходны трафік праз праліў і ў Аравійскае мора будзе ісці па паўднёвым маршруце праз аманскія воды ў каардынацыі з Іранам;
на працягу 60-дзённага перыяду плата за праход і іншыя зборы спаганяцца не будуць;
бакі абавязуюцца цягам 30 дзён распачаць размініраванне марской міннай падзяляльнай паласы праліва;
пасля ачышчэння падзяляльнай паласы ад мін яна будзе выкарыстоўвацца для ўваходнага і выходнага руху згодна з умовамі пастаяннага пагаднення, якое будзе ўзгодненае паміж Аманам і Іранам.
Паводле рэгіянальных крыніц, акрамя перамоваў паміж Аманам і Іранам, пасярэднікамі выступалі таксама службовыя асобы Катара, Пакістана і Саудаўскай Аравіі.
Белы дом са свайго боку таксама прымаў актыўны ўдзел у перамовах. За апошнія дні адбыліся некалькі тэлефонных размоў паміж спецапасланнікам Трампа Сцівам Уіткофам і міністрам замежных спраў Ірана Аббасам Арагчы і міністрам замежных спраў Амана Бадрам аль-Бусаіды.
Двое іранскіх чыноўнікаў паведамілі, што Арагчы гэтымі выхаднымі пагадзіўся на ўгоду, але яму яшчэ неабходна ўхвала Вярхоўнага лідара Ірана Маджтабы Хаменеі і Вышэйшага савета нацыянальнай бяспекі.
Паводле слоў прадстаўніка ЗША і рэгіянальнай крыніцы, у аўторак кіраўніцтва Ірана завяршыла працэс зацвярджэння ўгоды.