«Разумею, што грошы з падатку на дабрабыт жывёл не пойдуць»
- 5.08.2026, 9:24
Беларусы абмяркоўваюць новыя правілы для ўладальнікаў катоў і сабак.
З 1 ліпеня ў Беларусі дзейнічае новае правіла для ўладальнікаў дамашніх жывёл: катоў і сабак, што пражываюць у жылых памяшканнях, трэба абавязкова рэгістраваць. «Салідарнасць» спытала ў беларусаў, ці выканалі яны патрабаванне ўладаў і з якімі нюансамі даводзіцца сутыкацца, калі ты ўладальнік чатырохногага сябра чалавека. Усе імёны суразмоўцаў зменены з меркаванняў бяспекі.
«У краму — нельга, у грамадскі транспарт — толькі ў пераносцы»
— Мы ўжо зарэгістравалі ката і сабаку. Але з другога разу, бо запатрабавалі згоду ўсіх прапісаных у кватэры, — распавядае Маргарыта. — Ведаю, што паўсюль па-рознаму: нехта прыходзіць, і ў яго рэгіструюць без усялякіх пытанняў і заяў, а камусьці «шанцуе», як мне.
Рэгістравала толькі таму, што баязлівая: калі пастукаюць з міліцыі, зловлю панічную атаку. Таму, каб пазбегнуць падобнага, — гэта зрабіла, хоць і разумею, што грошы з падатку на дабрабыт жывёл не пойдуць.
Найбольшая цяжкасць для мяне як сабачніцы — тое, што я мала куды магу пайсці са сваёй жывёлай. У краму нельга, у грамадскі транспарт — толькі ў пераносцы (ведаю выпадкі, калі кіроўцы проста не пускаюць з сабакай, калі ён не ў пераносцы, хоць у намордніку і на павадку). Можна ездзіць на таксі, але я часта сутыкаюся з адмовамі, хоць і выконваю ўсе патрабаванні: наморднік, павадак і падсцілка на сядзенне.
З маленькімі сабакамі ў гэтым плане прасцей, бачыла, як некаторыя нават у ГЦ заходзяць. Але да вялікай абавязкова нехта дакопаецца.
З інфраструктурай для сабак таксама ўсё сумна: пляцовак няма (хоць я ў іх і не бачу сэнсу — павінна быць нармальная вялікая зона для выгулу), спецыяльных урнаў і пакетаў таксама няма — толькі калі ў новых модных раёнах.
У многія паркі і грамадскія месцы таксама нельга з сабакай. Ды нават каб паплаваць у возеры, трэба шукаць месца за некалькі кіламетраў ад людзей, хоць мая сабака чысцейшая за некаторых, хто там плавае.
Пасля пачатку вялікай вайны былі праблемы з кормам — знікла ўсё, што мы купляем, даводзілася шукаць аналагі. Знікалі і таблеткі «Бравекто» ад клешчаў, а калі з’яўляліся, то па 200 рублёў на вагу маёй сабакі. Але з часам стала нармальна — цяпер усё ў наяўнасці і па нармальных цэнах.
З медыцынай, тфу-тфу-тфу, сутыкаемся рэдка. З сабакай ходзім толькі раз на год на прышчэпку, кату патрэбныя лекі ад эпілепсіі, але мы просім прывезці іх з Расіі, бо ў Беларусі яны не прадаюцца.
«Тры гады таму ў кошкі быў вывіх надколенніка, за дзве аперацыі, лекі і дарогу аддалі каля 2000 рублёў»
Ірына — гаспадыня кошкі. Жанчына не рэгістравала жывёлу, бо для гэтага патрэбны ўладальнік кватэры, у якой яна жыве, а такой магчымасці цяпер няма. З нюансаў жыцця з катом суразмоўніца «Салідарнасці» распавядае наступнае:
— Заўважылі, што са складам кармоў у Беларусі ёсць праблемы. На ўпакоўцы напісана, што вытворца — Францыя, але мы параўналі з такой жа ўпакоўкай, купленай у Варшаве, і высветлілася, што склад розны. Таксама не ўсе кармы ёсць у наяўнасці, мы хацелі купіць урынарны «N&D», але ён даступны толькі праз «Ozon».
Вельмі шмат грошай у нас ідзе на лячэнне. Кошка ў нас пародзістая, але аказалася непатрэбнай папярэднім гаспадарам з-за генетычнай хваробы, што перадаецца кацянятам. Мы забралі яе з гадоўні, калі ёй было два гады.
Зараз стабільна раз на паўгода ездзім у ветклініку. Кошт адной кансультацыі з УГД — 75 рублёў. Калі патрэбныя былі таблеткі — плюс яшчэ амаль 100 рублёў. А калі не было машыны, то ездзілі на таксі — гэта каля 12–15 рублёў у адзін бок. У таксі праблем не было: мы загадзя ўказвалі, што з намі будзе кошка ў пераносцы.
Тры гады таму ў яе быў вывіх надколенніка. За дзве аперацыі, лекі і дарогу аддалі каля 2000 рублёў.
Сям’я Ірыны стараецца падтрымліваць бяздомных жывёл, якіх, паводле яе слоў, у горадзе даволі шмат:
— Ходзім на мерапрыемствы, дапамагаем грашыма, аддаём лекі або корм. Ля дома ў нас ёсць дзве бяздомныя кошкі, іх бясплатна стэрылізаваў знаёмы ветэрынар нашых суседзяў. Муж заўсёды носіць з сабой корм, калі раптам сустрэне кагосьці на вуліцы.
Яксьці мы ўзялі сабе другога кацянё, але зразумелі, што дваіх не пацягнем — праз дзень знайшлі гаспадароў праз «Kufar». Муж знайшоў арганізацыю, якая складае дагавор аб перадачы жывёлы, згодна з якім нам перыядычна высылаюць яго фатаграфіі.
Але для тых, хто хоча ўзяць кацянё з гадоўні або ў валанцёраў, ёсць безліч абмежаванняў. Маёй сяброўцы адмовілі, бо ў яе 5-гадовая дачка.
Часта патрабуюць, каб сям’я была без дзяцей, каб на вокнах стаялі сеткі і каб новыя гаспадары ледзь не штодня дасылалі справаздачу. У выніку сяброўка ўзяла кацянё праз «Kufar», дзе галоўнай умовай было проста забраць. Цяпер ён жыве сваё найлепшае жыццё.
«Насамрэч гэта зручна: калі сабака згубіцца, можна знайсці ў базе даныя гаспадароў»
Марына распавядае, што зарэгістравала сваю сабаку амаль адразу пасля з’яўлення адпаведнага закона.
— Насамрэч гэта зручна: у яе ёсць нумар, нам выдалі брэлок, і калі сабака згубіцца, можна будзе знайсці даныя гаспадароў па іх базе. Сам падатак невялікі — каля 11 рублёў у квартал.
Мы жывём у раёне з новымі ЖК, таму ў мясцовым скверы ёсць стойкі з пакецікамі і сметніцамі спецыяльна для сабак. Амаль ва ўсіх кавярнях ёсць вадзічка і смакоцці. Наконт транспарту не скажу: у нас свая машына.
Адзін з нюансаў утрымання сабакі — дарагое лячэнне. Цэны проста шалёныя нават за звычайныя аналізы. Мы ездзілі рабіць рэнтген і прышчэпкі ў дзяржаўную клініку — цэньнік больш прыемны. Там жа рабілі пашпарт і чып — таксама за адэкватную суму.
Кажуць, што ў Мінску добрая дзяржаўная клініка ў Цэнтральным раёне, але мы ездзілі на Гурскага — там таксама ўсё окей.
«Лячэнне было вельмі дарагім: адно наведванне ветклінікі — 100 рублёў»
— Мой котык, на жаль, нядаўна памёр. Яшчэ да ўвядзення закона аб абавязковай рэгістрацыі. Ён быў такі лапачка, утрымліваць яго было зусім нядорага: у латок хадзіў без напаўняльніка, еў «Felix», — успамінае Алена. — Праўда, у 13 гадоў ён захварэў, і лячэнне было вельмі дарагім.
Адно наведванне ветклінікі — 100 рублёў. Таблеткі — 50 рублёў, адна кропельніца — 50 рублёў, укол, каб не нудзіла, — 10 рублёў. Кропельніцы трэба было ставіць кожны дзень.
Плюс яшчэ на таксі 40 рублёў туды-і-назад. Выклікала «Яндекс» з пазнакай, што буду з жывёлай — магла доўга чакаць, пакуль прымуць заказ, але заўсёды хтосьці знаходзіўся.
Мне пашанцавала, што я добра зарабляю. Змагла аплаціць КТ, УГД, кардыяграму за 1200 рублёў. У такой сітуацыі любыя грошы аддасі, абы жывёле было лягчэй.
Мне здаецца, клінікі гэтым карыстаюцца. Вельмі шкада тых, у каго недастаткова сродкаў. Бо бывае, робіш нейкае дарагое абследаванне, а потым табе кажуць, што гэтага недастаткова і трэба яшчэ здаваць дарагія аналізы. Ды што казаць — нават усыпыць жывёлу каштуе каля 250 рублёў.